РАСЕЙСКАЯ ВАЕНШЧЫНА ПАВІННА ПАКІНУЦЬ ГРУЗІЮ

15 лютага парлямант Грузіі прагаласаваў за прыняцьце антыакупацыйнай рэзалюцыі. Дзеяньні расейскіх "міратворцаў" у Паўднёвай Асэціі адэкватна названы "пэрманэнтнай спробай Расеі анэксіраваць гэтую частку тэрыторыі Грузіі". Грузінскія парлямантары канстатуюць, што за 14 гадоў знаходжаньня расейскіх вайскоўцаў на гэтай тэрыторыі "не дасягнута ніякіх станоўчых вынікаў па ўрэгуляваньні канфлікту". Яны патрабуюць вывесьці расейскія аддзелы і замяніць іх міжнароднымі сіламі. Трэба нагадаць, што Масква прымусіла грузінскае кіраўніцтва падпісаць дамову пра "расейскіх міратворцаў" у 1992 г. Тады Расея актыўна ўлезла ў грузінскія справы, зьліквідавала канстытуцыйны парадак у краіне і пасадзіла на трон свайго стаўленіка Шэварнадзэ (ён і падпісаў дамову). Даўно ўжо няма Шэварнадзэ, Грузія ўзяла курс на выйсьце з усіх маскоўскіх структураў і на далучэньне да НАТО. А маскоўскія пьяніцы ўсё езьдзяць па грузінскай зямлі на браневіках. Урэшце гордаму народу гэта абрыдла і ён вырашыў выпхнуць госьцікаў за каўказкі хрыбет. Беларусы, даведаўшыся пра галасаваньне ў Тбілісі, уключылі тэлевізары і разгарнулі інтэрнэтстаронкі, чакаючы рэакцыі Масквы. А там поўная разгубленасьць. Наперад лубянскі рэжым выштурхнуў свайго лякальнага халуйка Багапша, які называе сабе "прэзыдэнтам Абхазіі" (яшчэ адзін рэгіён Грузіі, акупаваны маскоўскімі "міратворцамі"). Багапш з імпэтам мясцовага Канаплёва выдаў прамову: "Грузии не удастся остановить процесс нашей интеграции с Россией..." У Дзярждуме 16 лютага ад разгубленасьці ня ведалі, што казаць. Да журналістаў выйшаў думскі старшыня Грызлоў. З выглядам мокрай курыцы ён няўпэўнена балматаў, апусьціўшы крылы: "Мы не дапусьцім... Грузія забываецца... Як гэта так!" Сітуацыю сцэнарнага правалу вымушаны былі ратаваць запісныя думскія блазны. Жырыноўцы абвінавацілі ў падыгрываньні праціўніку пасла РФ у Грузіі Уладзіміра Цхіквішвілі (не дапамагло лубянскаму кадру і грузінскае прозвішча), гарланілі "ні шагу назад, ні одной пяді землі". А ў маскоўскім прэс-цэнтры больш стрыманы і ня менш подлы "палітоляг" Маркаў (вядомы імпэрыяліст па беларускіх справах) казаў жалезным голасам: "Калі расейскія войскі сыйдуць з Паўднёвай Асэціі, гэта будзе азначаць вялікую каўказкую вайну... Грузія ўжо добра падрыхтавала сваю армію і паліцыю. І будзе цяпер браць пад кантроль тэрыторыю Паўднёвай Асэціі". Наконт першай часткі маркаўскай цытаты, мы можам нагадаць, што менавіта прыход Расеі на Каўказ яшчэ ў 1780-я гады азначаў пачатак вялікіх і бясконцых каўказкіх войнаў і рэпрэсіяў. А вось што да другой часткі, то трэба нагадаць Маркаву і іншым у Маскве: сапраўдныя міратворчыя замежныя сілы знаходзяцца на тэрыторыі канфлікту якраз да таго моманту, пакуль сувэрэнная дзяржава не стабілізуе свае войска і паліцыю. А браць пад кантроль тэрыторыю сувэрэннай Грузіі грузінская армія і паліцыя маюць поўнае права ў адпаведнасьці з міжнароднымі законамі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ