БЕСКЛАПОТНЫ АНТЫАМЭРЫКАНІЗМ

Расейскае тэлебачаньне энтузіястычна паказвае рэпартажы з бэрлінскага кінафэстывалю. Там нарабіў шуму скандальны фільм "Дарога на Гуантанама". Галоўныя ролі нават сыгралі два брытанцы пакістанскага паходжаньня, былыя вязьні амэрыканскай турмы для тэрарыстаў у Гуантанама. Яны й самы барадатыя і весела ўсьміхаліся на прэс-канфэрэнцыях, і пляжылі амэрыканскі імпэрыялізм. У фільме паказаныя жорсткія парадкі турмы і пакуты вязьняў. На гэтую тэму па ўсяму заходняму сьвету разгортваецца чарговая антыамэрыканская кампанія. Подленькія немцкія "іміджмейкеры" ўхапіліся за паказаньні двух лёнданскіх пакістанцаў і мабілізуюць на гэты вэрхал кінапрыгажуняў, вядомых рэжысёраў, газэтчыкаў, спэцоў па піяру. Мэта адна, самая галоўная — нанесьці ўдар па Амэрыцы, якая ўзяла на сябе асноўны цяжар ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам. Пад гэтую аглушальную шуміху расейскі імпэрыялізм нахабна лезе ў Беларусь, у адкрытую заяўляе пра пляны адкрыцьця ў нашай краіне сваёй ваенна-паветранай базы (гэта ад якой ваеннай пагрозы?) і пра пляны чарговага незаконнага ўзьвядзеньня на менскі трон вернага маскоўскага сатрапа Лукашэнкі. Эўропа гэтым часам наладжвае банкеты і інтэрв'ю для падстаўной пустышкі Мілінкевіча і толькі чакае, калі расейская імпэрыя ўрэшце канчаткова акупуе Беларусь. Паралельна рыхтуецца да рэваншу за леташнюю паразу расейская агентура ва Украіне, дзе ў сакавіку адбудуцца парляманцкія выбары. Вось бы што абмяркоўваць у Заходняй Эўропе, вось бы чым усхвалявацца. Але 16 лютага ў Эўрапарляманце крыкліва абмяркоўваюць турму на Гуантанама. Складваецца ўражаньне, што ўся эліта Эўразьвязу пагалоўна ўступіла ў саюз кінематаграфістаў і фэстываліць круглы год. Дакуражацца аж покуль не зьявіцца ў прэзыдыюме лубянскі матрос Жалязьняк ды не выдасьць сваю гістарычную сэнтэнцыю: "Караул устал. Пошли вон!..".

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ