РАСЕЯ ПЛЯНУЕ ПРЫВЕЗЬЦІ НА БЕЛАРУСЬ АТАМНАЯ БОМБЫ

16 лютага 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" піша пра ўчорашнюю заяву, зробленую ў Маскве камандуючым ваенна-паветранымі сіламі Расеі Міхайлавым. Той заявіў, што ў бліжэйшы час Расея мае намер размясьціць на тэрыторыі Беларусі сваю ваенна-паветраную базу. Генэрал не выдаў, дзе будзе знаходіцца гэтая база. Сказаў толькі вельмі коратка: "Мы маем сур'ёзныя намеры..." Такія базы РФ ужо мае ў Кыргызтане і Арменіі.

Наш камэнтар: У чарговы раз мы можам сказаць дзякуй польскім журналістам, якія ў адрозьненьні ад эўраспэцоў не прапусьцілі ў плыні расейскай інфармацыйнай лухты самае галоўнае і сапраўды сэнсацыйнае. Дык вось: расейская вайсковая авіяцыя атабарыцца з сваімі ракетамі і бомбамі на тэрыторыі нашай (незалежнай эўрапейскай) дзяржавы і апынецца на 500-700 кілёмэтраў бліжэй да цывілізаванай Эўропы, яе гарадоў, людзей, вайсковых базаў і камунікацыяў. Чаму ніхто ў Старзбургу або Брусэлі аніслоўца не піскнуў пра гэтыя творчыя ініцыятывы Крамля? Крамля, які, як гэта нядаўна прызналі ўсе, аказаўся вельмі непрадказальным і распярэзаным хаўрусьнікам. Можа там падумалі, што нейкаму генэралу раптам захацелася ў алавянных жаўнерыкаў і самалёцікі пагуляць? Можа там думаюць, што на расейскіх бамбавіках возяць выключна пачкі з гуманітарнай дапамогай ды агітацыйныя ўлеткі? У гэты самы час Брусэль з Стразбургам абмяркоўваюць "больш важныя" праблемы. Нехта зноў выкінуў на грамадзкую арэну здымкі з багдадзкай турмы Абу-Грэйф ды з разгону дэманстрацыі брытанскай паліцыяй у Басры. Нехта ўзьняў вэрхал на тэму амэрыканскай турмы для тэрарыстаў у Гуантанама. Нехта падкінуў чарговую антыамэрыканскую тэму дзеля распальваньня чарговай антыамэрыканскай дыскусіі. І пайшло-паехала... Надрываюцца сацыялісты і лібэралы на адмысловым паседжаньні ў Стразбургу, стракацяць жудаснымі загалоўкамі СМІ. Надрываюцца і стракацяць наконт фактаў, якімі ўжо ўшчыльную займаюцца вайсковая пракуратура і спэцслужбы ЗША і Брытаніі. За тупатам і крыкамі ніхто, акрамя палякаў, нічога ня ўбачыў, не пачуў злавесную сэнтэнцыю залітага крывёй чачэнскіх дзяцей маскоўскага авіяката: "Мы маем сур'ёзныя намеры..." Брусэльскі Захад неахайным жэстам аддае Беларусь пад расейскую акупацыю (у абмен на газ-нафту). І ў той жа самы час накідваецца на ЗША, якія пасьлядоўна выступаюць у абарону незалежнасьці Беларусі. А маскоўская ваеншына падсоўвае свае носьбіты сьмерці і разбурэньня бліжэй да Заходняй Эўропы.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ