ПАРЫЖ ПАДТРЫМАЎ МАСКВУ

15 лютага 2006 г. Гішпанская газэта "АВС" паведамляе пра візыт французкага прэм'ера Вільпэна ў Маскву. Француз выказаў поўную падтрымку тов. Пуціну ў справе падтрымкі Расеяй іранскай атамнай праграмы і расейскаму рашэньню запрасіць у Маскву кіраўніцтва палестынскага Хамасу.

Наш камэнтар: Вядома, што ўвесь Захад стаў у канфрантацыю з Іранам, які імпэтна стварае сваю бомбу. А Ізраіль загаласіў на ўвесь сьвет, называючы маскоўскія запросіны Хамаса "ударам у плечы". Памятаем, што бедны гішпанскі кароль нядаўна ледзь прытомнасьць ня страціў, калі ў Мадрыдзе Пуцін раптам абвясьціў пра сваю дружбу з Хамасам (такія заявы прынамсьці абмяркоўваюцца напярэдадні). І вось у Масквы знайшоўся яшчэ адзін хаўрусьнік-аднадумец. Днямі нямецкі міністар надрываўся на саміце "васьмёркі", сватаў РФ у гэтую арганізацыю (іншыя яго, праўда, не паслухалі). Цяпер парыжскі госьць раскрыў свае абдымкі крамлёўскаму правакатару. Вось Парыж-Бэрлін-Масква яшчэ раз выразна акрэсьлілася на эўрапейскіх абшарах. Гэтая тройка не баіцца іранскага атаму, ім ня сорамна перад Тэль-Авівам. Яны ўпэўненыя, што яны — "могучая кучка". Мы добра разумеем, што ня толькі ў іранскіх і бліжняўсходніх справах нямецка-французкія хаўрусьнікі падтрымліваюць Расею. Тое ж самае мы назіраем на нашым палітычным полі. Менавіта Парыж і Бэрлін даюць Крамлю карт-бланш на паглынаньне Беларусі ды яшчэ прысьпешваюць агрэсараў. Немцы ў гэтай справе засьвечваюцца часьцей. Вось, напрыклад, прыехала цяпер ў Менск група ад АБСЭ, каб назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі. Хто ж узначальвае яе? Зноў немец, як у савецкім кіно пра вайну. Разам з прамаскоўскім рэжымам, разам з Лубянкай-Крамлём немцы і французы зьбіраюцца на фальшывых выбарах ізноў зьнішчыць нашу краіну і аддаць наш народ у маскоўскі палон. Адзінай эфектыўнай зброяй цяпер на гэтую хітрую агрэсію зьяўляецца Народнае галасаваньне. Нездарма яны баяцца гэтага законнага мэтаду народу. Заўважце, што гэтыя "ваяжоры-назіральнікі" цяпер робяць выгляд што нічога ня ведаюць пра Народнае галасаваньне.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ