ПРАВАКАЦЫЙНЫЯ ПАВОДЗІНЫ

15 лютага 2006 г. Славацкая газэта "Novy Cas" піша пра ўчорашнюю заяву старшыні Эўракамісіі Жузэ Мануэля Барозу. Эўрапартугалец даў інтэрвію скандальна вядомай дацкай газэце, якая надрукавала блюзьнерскія антымусульманскія карыкатуры. Барозу выказаў поўную падтрымку Даніі ў спрэчцы вакол карыкатураў. Цытуем яго: "Свабода слова ў Эўропе адносіцца да грунтоўных каштоўнасьцяў. Лепш апублікаваць нечага зашмат, чым ня мець свабоды слова. Данія — краіна з доўгай традыцыяй талерантнасьці і свабоды, яна вядомая дыялёгам з рознымі культурамі. Карыкатуры маглі закрануць многіх мусульманаў у сьвеце, але гвалт нельга апраўдваць. Аб свабодзе слова нельга спрачацца". Славацкая газэта таксама нагадвае, што і дацкія ўлады адмовіліся прыняць на сабе якую-кольвечы адказнасьць за карыкатуры, бо СМІ незалежныя.

Наш камэнтар: Прызнацца ўсіх нас ужо стаміла гэтая тэма. Але не працытаваць Барозу немагчыма. Ягоны выступ — шэдэўр брусэльскага тупізму і эўранахабства. Па ўсім сьвеце паляць дацкія (і іншых краінаў) сьцягі і прадстаўніцтвы, мільёны вернікаў у мусульманскіх краінах, а таксама ў Лёндане, Бэрліне, Амстэрдаме маршыруюць на дэманстрацыях з праклёнам блюзьнерскаму Захаду і абяцаюць адпомсьціць. А гэты — "всё хорошо, прекрасная маркіза..." Мы ня мелі ілюзіяў наконт інтэлекту Барозы (ён прадэманстраваў сабе не аднойчы і даўно). Але ж ён выказвае пазыцыю Эўразьвязу. А калі не, то будзем чакаць у бліжэйшы час афіцыйных абвяржэньняў і брусэльскіх санкцыяў у адносінах да лісабонскага балбатуна. Толькі абвяржэньняў, відаць, ня будзе. Гэтую прыгодніцкую публіку панесьлі коні. Яны даўно згубілі здольнасьць адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць, жывуць у нейкім сваім бюракратычным (навінкаўскага кшталту) сьвеце і, дарэчы, пад моцнай аховай. Гэта якой Даніі выказвае "поўную падтрымку" Барозу? Даніі нахабных карыкатурыстаў? Або не на жарт устрывожанаму народу на вуліцах, які баіцца джыхаду ў цэнтры Капэнгагена? Што да першых, то візыт Барозу ў скандальную газэтку ёсьць узорам палітычнай правакацыі (цяпер могуць пачаць паліць і партугальскія сьцягі). Што да другіх, то простыя людзі Даніі даўно ўжо праклінаюць гэтую "свабоду слова" і правакатараў, а дацкі бізнэс падлічвае шалёныя страты і праклінае таксама ўсю гэтую карыкатурную "лібэр-дэмакратыю". Днямі НТВ паказала інтэрв'ю з рэдактарам гэтай дацкай газэткі. Ён таксама расказваў байкі пра "свабоду слова". Але самае цікавае, што рабіў гэта на даволі чыстай расейскай мове. У студэнцкім юнацтве мы сустракалі такіх у Маскве і Пецярбургу. Маладыя актывісты малюпасенькіх заходніх кампартыяў і камсамолаў вучыліся на савецкія грошы, на тыя ж грошы езьдзілі ў Ялту. Потым яны вярталіся дадому і мацавалі сабой чырвоную левізну. Лубянская агентурка ў Капэнгагене атрымала загад ад сваіх гаспадароў і катанула ў наклад блюзьнерскія карыкатуры. Агентурка ў іншай частцы сьвету падсунула нікому не вядомую газэтку мусульманскім актывістам. І вось у выніку, не аддыхаўшыся яшчэ ад расейскай газавай атакі ў студзені, заходнія краіны занятыя цяпер магутнай канфрантацыяй з ісламскім сьветам. Будзем сачыць за маскоўскай прэсай. У хуткім часе трэба чакаць крамлёўскага ўказу: "Узнагародзіць дацкую газэтку ордэнам "Дружбы народаў"... Ура, товарішчі!"

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ