УГОДКІ ХХ ЗЬЕЗДУ КПСС

Роўна 50 гадоў таму — 14 лютага 1956 г. — у Крамлі пачаў працу ХХ зьезд КПСС. Усё ішло як па маслу, славілі партыю, Сталіна і ЦК, абяцалі камуну. І так на працягу 11 дзён. Цэкоўцы ўжо падрыхтавалі свой антысталінскі даклад, але баяліся, што пасьля яго зачытаньня зьезд не прагаласуе за іх. Таму гладка правялі галасаваньне, пераабраліся і ў апошні дзень выпусьцілі Хрушчова на трыбуну. Мікітка ўрэзаў па "культу асобы Сталіна" (так саўдзельнікі дзяржаўных злачынстваў хітрамудра назвалі сваю бальшавіцка-расейскую тыранію). Заля патанала ў маўчаньні, толькі час ад часу дзяжурныя выносілі тых дэлегатаў, якія ад стрэсу страцілі прытомнасьць. Даклад зрабілі сакрэтным, але ўжо праз пару месяцаў яго ў поўным аб'ёме надрукавала заходняя прэса. Бальшавіцкая імпэрыя (здавалася б магутная і маналітная) не магла ўжо існаваць без рэформаў, яна задыхалася ў коле канцлягераў, міжнароднай ізаляцыі, у стане эканамічнага крызісу і ў атмасфэры страху. Без прабачэньняў і кампэнсацыяў маскоўскі рэжым выпусьціў з лягяроў мільёны вязьняў. Вярнуўшыся, яны, аднак, убачылі пры ўладзе сваіх катаў (якія за гэты час на іхнай крыві зрабілі бліскучыя кар'еры). Дзяржаўнае забойства пасьля ХХ зьезду галоўнага гэбэшніка грузіна Бэрыі і некалькіх ягоных найбольш небясьпечных для ЦК паплечнікаў было мізэрным падабенствам справядлівага пакараньня. Гэбоўская імпэрыя выстаяла і праіснавала яшчэ дзесяцігоддзі да жнівеньскага правалу 1991 г. Але цяпер на нашых вачах жудасны лубянскі прывід зноў набыў рэальныя кшталты. КГБ-ФСБ (квінтэсэнцыя сёньняшняй Расеі) зноў творыць зло і забівае людзей на ўсім сьвеце. Гэбоўская сатанінская імпэрыя цягне свае крывавыя лапы, спрабуючы зноў захапіць і паняволіць нашу Беларусь. Многім гэты монстр здаецца бессьмяротным, незьнішчальным, вечным. Але гэта ілюзія. Трэба толькі супрацьпаставіць яму сілу салідарнага народу, сілу Гасподнюю. Тады будзе, як у Пісаньні — "Упакорцесе Богу; успраціўцеся д'яблу, і ўцячэ ад вас".

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ