ХІТРЫ ЗМАГАР ЗА “ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА”
14 лютага 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" піша пра зварот прадстаўніка ААН Адрыяна Севярына, які заклікаў увесь сьвет не купляць зброю ў Беларусі. З 1996 г. Беларусь раптам увайшла ў дзесятку самых актыўных гандляроў зброі сьвету. Польскія газэтчыкі згадваюць публікацыі расейскай газэты "Комерстант", паводле якіх большасьць прадаваемай беларускімі ўладамі зброі — гэта рээкспарт расейскай зброі. Прычым, аб'емы сапраўдных паставак у дзесяткі разоў перавышаюць афіцыйную статыстыку. Севярын нагадаў у сваім звароце, што зброя з Беларусі трапляе да дыктатарскіх рэжымаў, якія вядуць тэрарыстычную дзейнасьць і змагаюцца супраць свайго ж насельніцтва. Ён згадаў таксама пра тое, што часта менскі рэжым карыстаецца пасрэднікамі, і ў выніку немагчыма высьветліць, ад каго паступіла зброя. А грошы ад продажу зброі трапляюць у адмысловы прэзыдэнцкі фонд Лукашэнкі, які дазваляе яму трымацца ва ўладзе. Гэта, паводле Севярына, парушае правы чалавека.
Наш камэнтар: Беларусы добра памятаюць гэтага шустрага румына, які на працягу гадоў разам з Гансам Вікам ляпіў дэкаратыўныя даклады пра становішча ў Беларусі, выстаўляў менскаму рэжыму "дзесяць патрабаваньняў дэмакратызацыі", потым "чатыры ўмовы". І тады і цяпер Севярын шмат і голасна гаворыць пра правы чалавека. Называе нават розныя факты і лічбы. Але маўчыць аб самым галоўным. Чаму ня ён, а польскія газэтчыкі згадваюць пра рээкспарт расейскай зброі? Чаму расейская гаэта, а не аанаўскія аналітыкі дакапаліся да гэтай нелегальнай тэндэнцыі? Пляжачы шклоўскі рэжым, Севярын ані слоўцам ня згадвае сапраўднага гаспадара гэтага рэжыму і ягоных збройных трансакцыяў — Расею. Можа Севярын недалёкі розумам? Мы, аднак, мелі іншае ўражаньне: ён — хваткі і па-свойму вёрткі дзеяч. І агучыў ён цяпер не сваю асабістую думку, а пазіцыю міжнароднай арганізацыі. Толькі як цяпер можна верыць у аўтарытэтнасьць ААН, калі свае высновы яна базуе на паўпраўдах і паўфактах? Калі яе прадстаўнікі не кажуць галоўнага — Расея актыўна прадае горы зброі гнюсьнейшым рэжымам плянэты і выкарыстоўвае ў якасьці дробнага агента прарасейскі, створаны Масквой жа рэжым у Менску. У Крамлі ў чарговы раз пасьмяюцца з гэтай заакеанскай лухты (магчыма нават аплочанай з лубянскай казны) і падпішуць наступную кіпу дамоваў на пастаўкі зброі праз тэрыторыю Беларусі. А наступствы міжнародных санкцыяў прыйдзецца зноў расхлёбваць беларускаму народу.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ