ЭЎРАБЮРАКРАТЫЯ НЕ РАЗУМЕЕ ШТО АДБЫВАЕЦЦА
14 лютага 2006 г. Румынская газэта "Adev?rul" паведамляе пра публічны выступ Андрыса Піебалтса, адказнага ў Эўразьвязе за энэргетычную палітыку. Цытуем: "Расея зьяўляецца важным кампанэнтам энэргетычнай бясьпекі Эўропы. Трэба паставіць Расеі шэраг умоваў дзеля таго, каб забясьпечыць доступ замежных інвэстыцыяў у яе энэргетычны сэктар. Газпром ня здольны даць рады павышаным энэргетычным патрэбам Эўразьвязу. Расея, замест таго, каб мадэрнізаваць сістэму транспарціроўкі і інвэставаньня газаправодаў, вырашыла забясьпечыць надзейнасьць паставак паліва з Цэнтральнай Азіі". Эўрачыноўнік паведаміў таксама, што на нядаўнім саміце "васьмёркі" у Маскве краіны Эўразьвязу паспрабавалі націснуць на РФ, каб яна лібэралізавала свой энэргетычны сэктар. Справа ў тым, што гэты сэктар у большасьці сваёй знаходзіцца пад кантролем дзяржавы альбо колаў, блізкіх да Крамля. Але спроба ціску не дала ў Маскве ніякага выніку. Эўрадакладчык згадаў таксама пра "скандал паміж Расеяй і Украінай", з-за якога былі парушаны пастаўкі расейскага газу ў краіны Эўразьвязу. Ён сказаў, што трэба дамагчыся ў гэтым пытаньні яснасьці і заклікаць усіх да роўнай адказнасьці.
Наш камэнтар: Вось мы і атрымалі публічнае прызнаньне з Брусэлю. Аказваецца, Эўразьвяз актыўна "ціскаў" Расею у Маскве, а тая, як вясковая паненка, толькі сьмяялася ды адштурхвала эўракавалера. Цікавае яшчэ адно публічнае прызнаньне. Аказваецца, у Брусэлі ўрэшце зразумелі, што пад балбатню пра вольны рынак і капіталізм Крэмль узяў пад поўны кантроль энэргетычны сэктар і актыўна карыстаецца ім як зброяй шантажу. Цяперашнія спробы брусельцаў паставіць усё на чыста эканамічныя рэйкі сустракаюць грубую адмоўную рэакцыю маскоўскіх імпэрыялістаў. Пакуль на Захадзе сьпявалі пэаны "расейскай дэмакратыі" і "новаму мысьленьню Масквы", ельцынізм-пуцінізм актыўна фармаваў новы від дзяржаўнага капіталізму, які ня сьніўся нават Брэжняву. Газавая атака на пачатку гэтага году прадэманстравала эфэктыўнасьць гэтага гэбоўскага дзяржкапіталізму, капіталізму спэцслужбаў, якія скончылі фармаваньне сваёй сістэмы. Заходнікі чамусьці разгубіліся, убачыўшы гэтага монстра перад сабой, зашумелі: "Такога няма ў падручніках! Гэта пярэчыць эканамічным тэорыям! Так нельга!" А Крэмль-Лубянка пасьмейваюцца ды гнуць сваё. Чым жа прыкрываюць правал сваёй аналітыкі і ў цэлым палітыкі эўраразумнікі? Яны пачынаюць крычаць на Украіну. Маўляў, як гэта яна пасьмела не прыняць расейскі газавы ўльтыматум, не пагадзілася на рэзкае павышэньне коштаў на газ? Расейскую агрэсію супраць незалежнай эўрапейскай дзяржавы брусэльцы называюць "расейска-украінскім скандалам", падкрэсьліваючы роўную адказнасьць за крызіс абодвух бакоў. Яны што, хочуць такім чынам задобрыць крамлёўскіх шантажыстаў або запалохаць украінскае кіраўніцтва, якое бароніць нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны? Брусэльцы заблыталіся, забрахаліся ўшчэнт. Разумееш, што яны за дзесяцігоддзі фальшывай і правальнай палітыкі так прызвычаіліся хлусіць і падманваць, што нават калі б захацелі, то не змаглі б выказаць нешта простымі і яснымі словамі. Нічога добрага Эўропе ад такой бюракратыі чакаць не прыходзіцца.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ