КРАМЛЁЎЦЫ ПАГРАЖАЮЦЬ ІНТЭРВЕНЦЫЯЙ

5 лютага, падчас міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы першы віцэ-прэм'ер расейскага ўраду, расейскі міністар вайны Сяргей Іваноў заявіў: "Мы адмоўна ставімся да магчымасьці ўзьнікненьня беспарадкаў пасьля выбараў у Беларусі і лічым неабходным зрабіць усё, каб іх не было". Заява Іванова была ўсімі расцэнена як пагроза сілавога ўмяшаньня ў беларускія справы. Гэта выглядае на першы погляд малаверагодным, але трэба ўлічыць, што КГБ, які трымае ўладу ў Расеі, інакш распараджацца гэтай уладай як па кагэбоўску — ня ўмее. Таму трэба аднесьціся сур'ёзна. Падобныя заявы пра ўмяшаньне расейцы ўжо рабілі раней на іншых ўзроўнях і зразумела, што яны рыхтуюць таксама і збройны варыянт адпаведна ўзроўню інтэлекту "мочіть в сортірах".

У першую чаргу салдаты і афіцэры Беларускай арміі і ўнутраных войскаў абавязаны ведаць, што калі інтэрвенты прыйдуць у Беларусь з войскам, гэта будзе азначаць, што супраць Беларускага народа пачалі вайну. Беларускія салдаты і афіцэры павінны выканаць тады канстытуцыйны абавязак па абароне Радзімы. Ніхто не павінен стаяць за Лукашэнку і страляць у свой народ, каб ня быць праклятым народам і Бацькаўшчынай. Лукашэнка не мае больш права балатавацца на парэзідэнта, ягоны час скончыўся.

Калі рускія генэралы, пастаўленыя над беларускім войскам, загадаюць страляць у людзей, яны павінны быць арыштаваныя беларускімі салдатамі і афіцэрамі па ўсіх законах ваеннага часу. Беларускае войска абавязанае бараніць дзяржаўны суверэнітэт і зьнішчаць тых, хто ўварвецца.

Пасьля заявы расейскага ваеннага міністра нашыя беларусы як бы яны не хацелі і не баяліся вайны (пра што ўжо ведае ўвесь сьвет), павінны ўсё ж быць падрыхтаванымі да маскоўскай інтэрвенцыі. Якраз нашая гатоўнасьць паўстрымае замашкі крамлёўскіх стратэгаў.

Зянон Пазьняк