АСАБЛІВАСЬЦІ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЖАНРУ

12 лютага 2006 г. Французкая газэта "Le Figaro" піша пра заяву Пуціна, які запрасіў арганізацыю Хамас на перамовы ў Маскву. На гэта ізраільскія ўлады назвалі расейскі дэмарш "ударам у плечы", а заходнія дэмакратыі разгубіліся. Журналістка нагадвае, што такім чынам РФ хоча вярнуць сабе згубленую ролю ў бліжняўсходнім рэгіёне і на роўных удзельнічаць у вырашэньні тамашніх канфліктаў. Цытуем: "Расейцы падтрымліваюць і цьвёрдую палітыку Пуціна ў адносінах да чачэнскіх тэрарыстаў і ягоную гатоўнасьць весьці перамовы з арганізацыяй, якую на Захадзе называюць тэрарыстычнай...".

Наш камэнтар: Як усё гладка і гарманічна ў тэксьце з французкай газэты. Расейскі народ "в едіном порыве" падтрымлівае палітыку крамлёўскага начальніка, які "змагаецца з чачэнскімі "тэрарыстамі" і хоча міру на Ўсходзе". Адкуль такая лексіка і надзьмуты пафас? А вось адкуль. "Французкая журналістка" — гэта Irina de Chitikoff. "В доску наша", яна альбо з нашчадкаў белагвардзейскай эміграцыі, або выскачыла замуж за француза ў апошні час. І цяпер рэгулярна тлумачыць французкім чытачам пра русскую душу. Яны ўпэўнены, што лепш за расейку ніхто рэпартаж з Расеі не напіша. І з гэтай іхнай упэўненасьцю іх можна дурыць колькі заўгодна. Мы сустракалі такіх "гішпанскіх", "нямецкіх" і "французкіх" журналістаў у Менску. Яны не хавалі сваёй прарасейскай пазіцыі, бо былі расейцы, нанятыя замежнымі выданьнямі і агенцыямі. Потым заходнія грамадзтвы прачыталі і пачулі пра "беларускіх экстрэмістаў, якія не даюць Ельцыну праводзіць рэформы ў СНД", пра "белорусскій язык, на котором нікто не говоріт" і іншыя падрыхтаваныя на Лубянцы страшылкі і дурылкі. Узялі б французы ды спыталі ў гэтай Шыцікавай: "А чаму гэта, калі расейцы так падтрымліваюць цьвёрдасьць Пуціна ў Чачэніі, яны так уцякаюць ад мабілізацыі ў расейскую армію, што "вядзе бой з тэрарыстамі", чаму ня хочуць памерці за отечество?" Такая вось Мата Хары з французкай газэты.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ