СТРАЧАНЫ ВЫГЛЯД

11 лютага 2006 г. Летувіская газэта "Lietuvos Rytas" дае рэпартаж з Турына. З гонарам глядзіць уся Летува, як падчас цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды крочаць сярод іншых нацыянальных дэлегацыяў спартоўцы зборнай краіны. Сьцяг Летувы несла славутая алімпійская чэмпіёнка Віда Вэнцыенэ. У Турыне ўвесь час будзе працаваць цэлая брыгада летувіскіх журналістаў.

Наш камэнтар: Здаецца, няма чаму зьдзіўляцца: ва ўсіх краінах менавіта так арганізоўваюць свой удзел у алімпійскім сьвяце спорту. Ва ўсіх, акрамя Беларусі. Чарговая Алімпіяда ў чарговы раз нагадвае нам, што наша Радзіма знаходзіцца пад акупацыяй, што на нашай зямлі правіць баль незаконны прамаскоўскі рэжым. Шкада было глядзець на дэлегацыю нашых спартоўцаў. Усе іншыя — радасныя, вясёлыя, у прыгожых яркіх строях, пад нацыянальна-дзяржаўнымі сьцягамі сваіх краінаў. І вось дэлегацыя РБ пад сьцягам БССР... Глухіх колераў паліто і шапкі-плюшкі, доўгія шалікі з крыклівай размалёўкай дызгарманічнай, вострай зялена-чырвонай гамы. Зьнешне ўсё падобнае на паказальны выступ нейкай групы бюракратаў каля маўзалея леніна. Глядзець цяжка. Спэцы з БТ бойка лапочаць на мове акупантаў нашай краіны, славяць "успехі советского спорта"... Адчуваецца праца вопытных сцэнарыстаў, задача якіх зноў патапіць нашы таленты і моладзь у невыноснай шэрасьці, выставіць наш народ нейкім адсталым і несучасным. Хутчэй бы пагнаць гэтых "іміджмэйкераў" з нашай зямлі.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ