ГЭБЭ БУДЗЕ “СПАСАЦЬ” РАСЕЮ

10 лютага 2006 г. Брытанская газэта "Times" паведамляе з Масквы. Перад ад'ездам у Мадрыд Пуцін кінуў лёзунг "Спасай Россію!", загадаўшы свайму дарадчыку Іванову ўзначаліць спэцкамісію па рэіміграцыі з 34 спэцоў і распрацаваць да 1 чэрвеня гэтага году праграму па вяртаньню расейцаў у РФ з постсавецкай прасторы. Брытанскі журналіст падкрэсьлівае, што гэты Іваноў з КГБ (а нам сьмешна, бо адкуль яшчэ можа быць дарадчык Пуціна?). У РФ штогод памірае 750 тысячаў чалавек, з такімі тэмпамі праз 50 гадоў насельніцтва краіны паменшыцца на 30%. Вось і вырашылі крамлёўцы вярнуць на радзіму як мага больш суайчыньнікаў. У канцы рэпартажу брытанец прыводзіць словы Валерыя Цішкова, былога міністра РФ па нацыянальнасьцях. Экс-міністар сказаў: "Яны выдумляюць нейкую Утопію. Маўляў, чым больш расейцаў прыедзе, тым лепш будзе. Гэта лухта".

Наш камэнтар: Брытанскі русіст піша, што царскі і савецкі рэжымы накіроўвалі ў калёніі тысячы ссыльных і дысідэнтаў, якія заставаліся там. Ён "забыўся" (па абмежаванасьці сваёй) згадаць пра сотні тысячаў агрэсіўных асаднікаў, русіфікатарскай прафэсуркі, ненавісьнікаў-гэбістаў, якія цэлымі кланамі атабарваліся на захопленых тэрыторыях і называлі гаспадароў зямлі "чуркамі". Не напісаў брытанец пра разбуральную русіфікатарскую агрэсію ў расейскай імпэрыі. Цяпер тыя, хто паводзілі сябе з нахабствам захопніка-акупанта, раптам апынуліся ў ролі глуханямога (абсалютная большасьць асаднікаў нават не навучыліся мовам народаў, у якіх атабарыліся — асаднікі не хаваюць нянавісьці да чужых моваў і культураў). І ў Расею страшна ехаць, і заставацца некамфортна. І вось цікава, толькі распрацоўку нейкай праграмы вяртаньня расейцаў у Расею Крэмль пачынае на пятнаццаты год пасьля развалу сваёй імпэрыі. Раней, мабыць, Крэмль-Лубянка былі ўпэўнены, што ўсё вернецца і "мы ім ешчё покажем..." А ў прынцыпе мае рацыю экс-міністар Цішкоў: нічога, акрамя чарговага правалу, з чарговай крамлёўскай праграмы ня выйдзе.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ