ГЛАБАЛІЗАЦЫЯ СУПЯРЭЧЫЦЬ ПРЫРОДЗЕ РЭЧАЎ
8 лютага 2006 г. Нідэрландская газэта "De Telegraaf" паведамляе пра сэнсацыйныя адкрыцьці амэрыканскай навуковай экспэдыцыі на інданэзійскай частцы выспы Новая Гвінэя. Навукоўцы дасьледвалі непралазныя джунглі, дзе знайшлі сотні новых відаў кветак, матылькоў, жабаў і іншых стварэньняў.
Наш камэнтар: Чалавек, стомлены ад паведамленьняў пра ваенныя канфлікты, тэракты і праявы нянавісьці, з радасьцю чытае такія інфармацыі. Папуа-Новая Гвінэя, — адна з найвялікшых выспаў плянэты, — ня проста экзатычны куток некранутай прыроды. Гэты край зьдзіўляе таксама як прыклад гарманічнага існаваньня чалавецтва ў разнастайнасьці. Не выпадкова філёлягі называюць выспу "лінгвістычнымі джунглямі". На выспе існуе роўна палова (!) ад усіх моўных групаў плянэты. Яшчэ Міклуха-Маклай зьдзівіўся, што суседнія папуаскія плямёны, падзеленыя рачулкай або пагоркам, размаўляюць на мовах, якія адрозьніваюцца між сабой, як кітайская і італьянская. Мазаіка культураў існуе на Новай Гвінэі як выклік сёньняшняй разбуральнай хвалі глябалізму, як адмоўны адказ на пытаньне: "А можа ўзяць усяму сьвету ды перайсьці на ангельскую або расейскую мову?" Рассыпалася найвялікшая ў сьвеце Брытанская імпэрыя, мова брытанцаў выкарыстоўваецца як агульны практычны сродак людзьмі ў розных краінах (накшталт зубной пасты або сурвэткі). Аднак, ангельшчына нікому не замяніла сабой нацыянальную культуру, душу, не стала роднай паўнавартаснай мовай. Пра расейшчыну мы ўжо ня кажам. Маскоўскія і пецярбургскія клясікі за галаву б схапіліся, убачыўшы, што зрабіла з псэўда-"велікім і псэўда-"могучім" імпэрская палітыка цароў і саветаў па русіфікацыі паняволеных народаў. Дэфармацыя, зьбядненьне, вычварэньне расейскай мовы стала галоўным вынікам гэтай палітыкі. Вызваленыя народы адціраюцца ад гэтага акупанцкага "падарунка" як ад каросты. Хутчэй вяртаюцца ў паўнавартасны сьвет жыцьця родных моваў. Хутчэй імкнуцца забыць доўгі кашмар "інтэрнацыяналізацыі". Калі настане наступны этап развалу гнілой маскоўскай імпэрыі і вызваляцца паняволеныя народы цяперашніх "аўтаноміяў" (значна багацейшыя культурай, духоўнасьцю і традыцыяй, чым расейцы), то, відаць, давядзецца ратаваць расейшчыну, як папуаскую жабу.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ