МЭТАДЫ ПРАВАКАТАРАЎ

7 лютага 2006 г. Летувіская газэта "Lietuvos Rytas" піша пра ўчорашнюю "акцыю пратэсту" Нацыянал-бальшавіцкай партыі (больш вядомай як "лімонаўцы"). Купка лімонаўскіх фашыстаў-бальшавікоў забегла ў будынак аднаго з раённых ваенкаматаў у Маскве, вывесіла плякаты "За Газпром ня пойдзем ваяваць!", "У мінабароне шпіёны". Крычалі таксама пра прыцягненьне да судовай адказнасьці сына міністра Іванова. А. Іваноў-малодшы летась на сваім аўтамабіле наехаў на пажылую жанчыну, у выніку чаго яна загінула. Сынка міністра нават не аддалі пад суд.

Наш камэнтар: Беларусам добра вядомы спэктакль гэбоўскай рэжысуры. Як толькі ў расейскім грамадзтве ўзьнялася стыхіная хваля гневу на тэму зьверстваў у расейскай арміі, кантора "тут как тут" са сваімі правакатарамі. Атрымліваецца, што праклінаць Іванова і ягоную армію, выступаць супраць вайны і міністраў гатовыя выключна адмарозкі з-пад фашыстоўска-бальшавіцкага сьцягу. Іх карцінна затрымлівае міліцыя, паказвае тэлебачаньне, пра іх пішуць газэты. Сапраўдная драма ператвараецца такім чынам у пародыю, у вадэвіль. Нішу сацыяльнага пратэсту само гэбэ запаўняе сваімі ж непрывабнымі маладзёнамі. Такі пратэст ніколі ня выкліча ў нармальных людзей жаданьня далучыцца да выступу і давесьці справу сацыяльнай справядлівасьці да канца. Успомнім, як колькі гадоў таму беларускія патрыёты выступілі з пратэстамі супраць перасьледу рэжымам беларускай мовы ў храмах, супраць русіфікацыйнай палітыкі РПЦ і зьнішчэньня нацыянальнай рэлігійнай традыцыі ў нашай краіне. Хто і з чым выскачыў тады наперад? А выскачылі прымітыўнага выгляду маладзёны, якія пачалі актыўна мільгацець на тэму "рэлігійнага перасьледу ў РБ". Найбольш запомніўся іхны плякат "Рукі прочь от белорусскіх індуістов!" Вось такую трактовачку даў камітэт рэлігійнай драме ў Беларусі. Даўні канторскі прыёмчык, на які ловяцца многія заходнія назіральнікі і мясцовыя абывацелі. Вядома, аднак, што калі дамагаецца свайго салідарны народ, то правакатары уцякаюць, як чорт ад ладана.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ