ВОСЬ ЯНЫ “ГОЛЕНЬКІЯ”
Карэспандэнт радыё "Свабода" перадаў наступнае: "Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Казулін і Аляксандар Мілінкевіч 6 лютага ўдзельнічалі ў круглым стале, які прайшоў у сталіцы Расейскай Фэдэрацыі. Паўдня палітыкі і экспэрты абедзьвюх краінаў абмяркоўвалі тры асноўныя пытаньні: палітычныя аспэкты расейска-беларускіх адносінаў, пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва і правы чалавека ў кантэксьце так званай саюзнай дзяржавы".
Гэта значыць "у кантэксьце" таго антыканстытуцыйнага, антызаконнага структурнага ўтварэньня, зробленага ў 1999 годзе Ельцыным і Лукашэнкам для кантролю над беларускай палітыкай і падрыхтоўкай інкарпарацыі ("інтэграцыі") нашай краіны ў Расейскую Фэдэрацыю. Стварэньне структураў незаконнай "саюзнай дзяржавы" ёсьць галоўнае злачынства Лукашэнкі перад беларускім народам і кваліфікуецца як здрада народу і беларускай дзяржаве. Матэрыялы аб узбуджэньні справы па гэтым пытаньні ўжо некалькі гадоў знаходзяцца ў Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь.
"Абодва патэнцыйныя кандыдаты на найвышэйшую пасаду, — паведамляе карэспандэнт, — ў сваіх прамовах падкрэсьлілі, што ў выпадку перамогі на выбарах яны гатовыя да канструктыўнага супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі".
"А як бачаць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі расейскія палітолягі? — задае пытаньне журналіст. — Сяргей Маркаў, старшыня Нацыянальнай грамадзянскай рады ў міжнародных справах, упэўнены, што на падтрымку Крамля можа разьлічваць выключна прарасейска настроены палітык:
Маркаў: "У Маскве вельмі ўважліва сочаць за тым, хто мог бы быць альтэрнатывай Аляксандру Лукашэнку. Ў Маскве хацелі б, каб у Беларусі была больш рэальная палітычная барацьба паміж двума-трыма прарасейскімі палітыкамі".
Вось яна, гэтая публічка, як на далоні, гэтыя новыя ганчарыкі, антураж для машыны фальсіфікацыі, фончык для "элегантнага" ашуканства, паехалі адчытвацца за грошыкі масквы, за першы транш. А ім і кажуць: "Служы!" (Усё ж відаць.) І служыць радыя, і прыслужвацца "не тошно". Якое ўжо там для іх народнае галасаваньне!
Адам Мікша, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ