СТВОРАНАЯ НЕЗАЛЕЖНАЯ ГРАМАДЗКАЯ КАМІСІЯ ПА НАРОДНЫМ ГАЛАСАВАНЬНІ

5 лютага ў Менску прайшоў устаноўчы сход Незалежнай грамадзкай камісіі выбаршчыкаў, якая мае арганізаваць працэдуру народнага галасаваньня — ініцыяванага Зянонам Пазьняком народнага імпічмэнту А. Лукашэнку. Ідэя народнага галасаваньня палягае ў прапанове да выбаршчыкаў забіраць свае выбарчыя бюлетэні і перадаваць іх грамадзкай камісіі і яе аддзелам на месцах.

Як паведаміў сябра Рады новастворанай Незалежнай Грамадзкай Камісіі выбаршчыкаў Юры Беленькі, ва ўстаноўчым сходзе прымалі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласьцей краіны, касьцяк гэтай арганізацыі склаў актыў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Абраная рада і рэвізійная камісія, ухваленыя статутныя дакумэнты, якія будуць перададзеныя ў для рэгістрацыі ў Мін'юст, паведаміў спадар Беленькі.

Апрача яго ў склад Рады абраныя Сяргей Папкоў, Уладзімер Раманцоў, Валеры Буйвал і Алесь Чахольскі. Спадар Беленькі спадзяецца, што гэтая грамадзкая арганізацыя будзе аб'ядноўваць людзей розных палітычных поглядаў, якія не жадаюць дапусьціць фальсыфікацыяў на выбарах прэзыдэнта 19 сакавіка:

Беленькі: "Калі далей так імкліва пойдуць гэтыя працэсы, то сапраўды мы гэтую ідэю народнага галасаваньня рэалізуем, бо велізарны настрой у грамадзтве супрацьстаяць фальсыфікацыям. На сёньняшні дзень гэта адзіная ідэя, якая мае пад сабой рэальны грунт, да таго ж абсалютна палягае ў рамках дзейнага заканадаўства, абсалютна законная, і якая на выхадзе мае рэальныя шанцы быць рэалізаванай".

Юры Беленькі спадзяецца на далейшае пашырэньне ідэі народнага галасаваньня ў грамадзтве.

Паводле Радыё "Свабода"