ЛЮТАЎСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

5 лютага ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Старшыня заклікаў актывізаваць працу па інфармаваньні насельніцтва аб Народным галасаваньні. Галоўнай тэмай выступаў сп. Юры Беленькага, выканаўцы абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргея Папкова, намесьніка старшыні Фронту і Партыі, было менавіта Народнае галасаваньне. Выступоўцы падкрэсьлілі, што Ініцыятыўная група Зянона Пазьняка не здала ўладам сабраныя подпісы грамадзянаў. Але гэта не азначае, што наша група і наш прэтэндэнт выходзяць з выбараў (як гэта спрабуе прадставіць рэжымная прапаганда і псэўдаапазыцыя). Мы прайшлі першы этап выбараў і працягваем працаваць далей, каб мабілізаваць грамадзтва на Народнае галасаваньне — адзіную магчымасьць зламаць пляны рэжыму па фальсіфікацыі выбараў. Неабходна разгортваць па ўсёй краіне структуры Незалежнай Грамадзкай Камісіі (НГК), якія будуць зьбіраць бюлетэні, вынесеныя грамадзянамі з выбарчых участкаў, і рыхтаваць народны імпічмэнт рэжыму.

Выступілі сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра падтрымку ідэі Народнага галасаваньня ў гарадах і вёсках Беларусі. Многія людзі, якія разуверыліся і нават адчаяліся, зразумелі, што менавіта гэтым законным і мірным спосабам можна дамагчыся станоўчых пераменаў у нашым дзяржаўным жыцьці. Не выпадкова назіраюцца спробы афіцыйнай прапаганды замаўчаць, схаваць ад людзей гэтую ініцыятыву патрыётаў Беларусі. Да ўладаў актыўна далучыліся мясцовыя прадстаўнікі псэўдаапазыцыі, якія разглядаюць выбарчую кампанію выключна як спосаб зарабляньня грантаўскіх грошай і гатовыя падтрымаць любую антыбеларускую, антыдзяржаўную праграму дзеяньняў і любога падстаўнога кандыдата. Рэжым імкнецца таксама заблытаць і застрашыць людзей, пагражаючы рэпрэсіямі за ўдзел у Народным галасаваньні. Нэрвовая рэакцыя рэжыму на гэтую народную ініцыятыву сьведчыць аб тым, што Народнае галасаваньне зьяўляецца адзіным эфэктыўным мэтадам супрацьдзеяньня фальсіфікацыям улады на выбарах, адзінай перашкодай на шляху да “элегантнай перамогі” Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Шэраг выступоўцаў выказалі таксама думку, што Мілінкевіч зьяўляецца чыста дэкаратыўнай фігурай, а вось Казуліна Масква разглядае як сапраўдную альтэрнатыву дыктатару (можа паўтарыцца ракіроўка 1994 году — Кебіч-Лукашэнка). Спэктакль, разыграны псэўдаапазыцыяй перад беларускім і міжнародным грамадзтвам, ёсьць чарговым сцэнаром варожых нашаму народу сілаў. Многія людзі ў розных рэгіёнах краіны разумеюць, што падстаўныя прамаскоўскія палітыкі ня будуць бараніць нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы беларусаў. Іхная функцыя — служэньне імпэрскім інтарэсам Масквы. Менавіта таму народ павінен ісьці шляхам Народнага галасаваньня і рыхтавацца да новых, сапраўдных прэзыдэнцкіх выбараў без Лукашэнкі.

У той жа дзень у Менску адбылася устаноўчая канфэрэнцыя, на якой была ўтвораная Грамадзская арганізацыя пад назвай — Незалежная Грамадзкая Камісія выбаршчыкаў (НГК).

Была абрана Рада НГК і рэвізійная камісія НГК. Галоўнай задачай НГК зьяўляецца арганізацыя па ўсёй краіне Народнага галасаваньня.

Інфармацыйная камісія КХП — БНФ