ДЗІЎНЫ БАЛАГАН

3 лютага 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" друкуе паведамленьне пад тытулам "Менск крытыкуе выезд Мілінкевіча". Газэта цытуе прадстаўніка МЗС РБ А. Папова, які назваў сустрэчы Мілінкевіча ў Брусэлі "немагчымымі кантактамі" у сьвятле маючага адбыцца візыту дэлегацыі Эўразьвязу ў Менск. Кароткі рэпартаж польскага спэца канчаецца згадкай пра ўчорашнюю сустрэчу "дэмакратычнага дзеяча Мілінкевіча" з нямецкай канцлеркай Мэркель.

Наш камэнтар: Пра што вёў размовы Эўразьвяз з Мілінкевічам польская газэта не паведамляе. Не паведамляюць пра гэта і іншыя заходнія газэты. Але ж для іх Беларусь — далёкая, малавядомая і экзатычная краіна. А вось для Польшчы Беларусь — суседняя дзяржава, за якой распасьціраецца бяскрайняя Усходняя імпэрыя (адкуль столькі разоў у гісторыі прыходзілі варвары, каб зьнішчаць і Беларусь і Польшчу). Польскія аналітыкі так і не выдалі на гара (прынамсі публічна) нейкага больш-менш глыбокага камэнтара аб постаці і дзейнасьці "адзінага і непаўторнага" Мілінкевіча. Нават не задаліся пытаньнем: ці гэта лягічна, што ў самы разгар выбарчай кампаніі адзін з кандыдатаў сустракаецца не са сваімі выбаршчыкамі (якія да таго ж яго зусім ня ведаюць), не прапануе ім сваю праграму, а робіць шумныя па форме і зусім пустыя па зьместу ваяжы ў Варшаву, Прагу, Парыж, Брусэль, Стразбург? Хто арганізаваў гэтыя заходнія тусоўкі для асобы, якую ніхто ў сьвеце і ніхто ў Беларусі ня ведаў яшчэ некалькі месяцаў таму? Адкуль узялася такая "папулярнасьць"? Чаму так няўклюдна паводзяць сабе прадстаўнікі Эўразьвязу на сустрэчах з гэтым "отцом белорусской демократіі"? Бачна, што ім і сказаць яму няма што. Мілінкевічавы ваяжы падобныя на дзіцячую дыпляматыю гарбачоўскіх часоў. З ЗША прыехала тады ў "страну саветаў" усьмешлівая дзяўчынка Саманта Сміт, выступала пра мір і дружбу. Потым у Штаты паехала маскоўскае дзяўчо (унучатая пляменьніца Грамыкі). Аглядаючы мілінкевічаву "дыпляматычную дзейнасьць", немагчыма пазбавіцца ад уражаньня аб нейкай інфантыльнасьці ўсёй гэтай кампаніі. Ягоныя паездачкі нейкія штучныя, прыцягнутыя за вушы. Хто стаіць за шырмай гэтага лялечнага тэатру, каму патрэбны гэты пацешны ваяжор? На гэтыя пытаньні мы атрымаем адказ даволі скора, калі ў сакавіку на поўную моц запрацуе махіна выбарчай фальсіфікацыі шклоўскага рэжыму. Можна меркаваць, што для "агульнадэмакратычнай" пустышкі падрыхтавалі праграмку ваяжоў крамлёўцы разам з немцамі. Іхная задача — запоўніць пустой драбязой і імітацыйнай мітусьнёй тэму змаганьня беларускага народу супраць прамаскоўскай дыктатуры. Падстаўны Мілінкевіч выконвае падстаўную ролю ў антыбеларускім балагане. Масква зрабіла стаўку на Лукашэнку (лепшага сатрапа ёй ня трэба). Задача Мілінкевіча — разам з падстаўнымі гайдукевічамі забясьпечыць "элегантную перамогу" Лукашэнку. Адзіным сродкам на ўвесь гэты праект, зьляпаны непрыяцелямі Беларусі, мы маем Народнае галасаваньне, якое перакуліць антыбеларускі балаган і цяпер ужо палохае яго пацешных акцёрыкаў.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ