САМАЗАМІЛАВАНАЕ БЛЮЗЬНЕРСТВА

2 лютага 2006 г. Латвійская газэта "Diena" паведамляе пра пратэсты ва ўсходніх краінах супраць публікацыяў у дацкім і нарвэжскім часопісах карыкатураў на прарока Магамэта. (Гл. пра гэта: Звычайны лібэралізм Інфармацыйная камісія КХП-БНФ, 19.01.06, Навіны) У шэрагу мусульманскіх краінаў ужо пачалася шырокая кампанія байкоту тавараў дацкай вытворчасьці. З Дамаску эвакуаваныя супрацоўнікі амбасады Даніі і іхнія сем'і. У шэрагу ўсходніх гарадоў дэманстранты паляць дацкія сьцягі. Паступаюць пагрозы арганізацыі бомбавых атакаў на аб'екты гэтай краіны. А карыкатуры ўзяла і перадрукавала (з тымі ж блюзьнерскімі камэнтарамі) французкая бульварная газэта "France Soir".

Наш камэнтар: Захад настолькі самаўпэўнены і ўпарты ў сваёй дураце, што нават ня бачыць сапраўднай пагрозы, працягвае вырабляцца, як падлетак-хуліган. Што праўда, дырэкцыі згаданай французкай газэты хапіла розуму звольніць з працы рэдактара, адказнага за правакацыйную публікацыю карыкатураў. Але цемра дурняў працягвае шабас пад сьцягам "свабоды слова" і "свабоды прэсы". Даскачуцца са сваёй "свабодай" да новага джыхаду. Дацкія фірмы нясуць штодня мільённыя страты на ўсходніх рынках. Эўрапейцы зноў баяцца наведваць ісламскія краіны. З экранаў тэлевізараў перад сваімі грамадзянамі і чужынцамі апраўдваюцца прэм'ер-міністры і рэдактары. Пагоня за сэнсацыяй (і, адпаведна — нажывай) прадэманстравала яшчэ раз духоўную пустату і непараўнальную, сьляпую самазамілаванасьць заходняга грамадзтва, якое мяркуе, што яму ўсё дазволена. Яны, адмовіўшыся ад Хрысьціянства, выглядае, перасталі ўжо ўвогуле разумець, што такое сьвятое.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ