ПРУЖАНСКІЯ ЧЫНАДРАЛЫ РЭЖЫМУ ЧЫНЯЦЬ БЕЗЗАКОНЬНЕ ЛІСТ З Г. ПРУЖАНЫ
Намесьніку старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
Юрыю Беленькаму
У нашым г. Пружаны мясцовая ўлада звычайна не праяўляла сваёй агрэсіўнасьці ў адносінах да апазыцыі. А тут напрыканцы мінулага года з зайздроснай заўзятасьцю змушалі і змусілі настаўніцу гісторыі СШ № 5, сябра Партыі Жагалаву Тэрэзу Міхайлаўну падаць заяву аб звальненьні.
Дзесьці пасьля 20 сьнежня дырэктар школы № 5 Каўрыга Віктар Міхайлавіч выклікаў да сябе ў кабінет Тэрэзу Міхайлаўну і зачытаў ліст-данос, які, як ён патлумачыў, прыйшоў яму з мясцовага КДБ. У лісьце гаварылася, што настаўніца на ўроку гісторыі ў 10 кл., знаёмячы вучняў з тыпамі дзяржаў, назвала РБ таталітарнай, дыктатарскай дзяржавай.
Дырэктар запатрабаваў тут жа пісаць тлумачэньне, а потым прапанаваў звальняцца з працы.
На другі дзень ужо ў аддзеле адукацыі намесьнік нач. аддзела Ляшко Кацярына Аляксандраўна з тым жа Каўрыгам ушчучвалі настаўніцу, страшылі КДБ, патрабавалі самой зволіцца з працы. Настаўніца адмовілася. Тады на яе ў школе пачалі ціснуць: амаль на кожны ўрок ішоў то дырэктар, то адзін, то другі завуч. І прыгаварвалі: ня зволішся па палітычных матывах, то накапаем іншага кампрамату.
Прыкінуўшы, што да выхаду на пенсію засталося 10 месяцаў і што пад старасьць здароў'е і нэрвы трэба берагчы, Тарэза Міхайлаўна 29 сьнежня 2005 г. падала заяву аб звальненьні з працы.
Ва ўсёй гэтай гісторыі ўдзельнічаў таксама першы намесьнік вертыкальшчыка-старшыні Макарэвіч Віктар Мікалаевіч.
А дзесьці 17 студзеня 2006 г. падчас збору подпісаў за Зянона Пазьняка супрацоўнікам КДБ па Пружанскаму раёну быў затрыманы і дастаўлены ў іх кантору Жук Мікалай Аляксеевіч, старшыня Пружанскай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Зрабілі ператрус яго папераў, пасьля чаго адпусьцілі. Прычыну затрыманьня тлумачылі тым, што нібыта хтосьці ім пазваніў, а яны, маўляў, змушаныя рэагаваць.
І. Здановіч
г. Пружаны