ЮШЧАНКА ГЛЯДЗІЦЬ НА ЗАХАД

25 студзеня 2006 г. Румынская газэта "Adevărul" паведамляе пра тэлезварот прэзыдэнта Украіны Юшчанкі да ўкраінскага народу з нагоды першай гадавіны ягонага ўступленьня на пасаду пасьля перамогі народнай рэвалюцыі. Юшчанка заявіў, што галоўным прыярытэтам замежнай палітыкі Украіны зьяўляецца ўступленьне краіны ў Эўразьвяз і разьвіцьцё зьнешнепалітычнай дзейнасьці менавіта ў гэтым накірунку.

Наш камэнтар: Мы ўвесь час крытыкуем ЭЗ, дэманструем прыклады крывадушных дзеяньняў брусэльскага чынавенства. Безумоўна, кіраўніцтва Украіны таксама бачыць гэтыя адмоўныя бакі міжнароднай арганізацыі і яе палітыкі. Але з канца 1980-х гадоў на эўрапейскім кантынэнце адбываюцца падзеі, якія прымушаюць народы і дзяржавы рабіць адназначны выбар. Альтэрнатыва наступная: заставацца ў рамках расейскай гэбоўскай імпэрыі або ўцякаць ад крамлёўскага нячысьціка ў Эўропу. Вынікі шызоіднай арыентацыі шклоўскага рэжыму на Расею відавочныя: эканамічны правал у Беларусі, разбурэньне нацыянальнай культуры, шалёная русіфікацыя, усё большае адставаньне па ўсіх парамэтрах ад суседніх краінаў, ізаляцыя нашага народу ад цывілізаванага сьвету, маразм духоўнага жыцьця. Пра самагубчы характар прарасейскага шляху здагадаліся нават малдаўскія камуністы і пачалі працаваць вёсламі ў адваротным ад Расеі накірунку. Можна быць упэўненым, што шукаючы сяброўства ў Эўразьвязе, Украіна мяркуе не дазволіць маніпуляваць сабой. Не выпадкова брусэльскіх чыноўнікаў прабірае страх ад думкі, што ў агульнаэўрапейскай кампазіцыі можа зьявіцца такі каласальны партнёр. Нядаўна пяць тысячаў арганізаваных і тэмпэрамэнтных докераў паставілі на вушы санлівы Стразбург. Эўраначальнікам страшна падумаць, што там жа раптам могуць зьявіцца лавы казакоў у аранжавым ды над ЭЗ загрукоча магутнае "гэть!" А калі б з Украінай стала побач Беларусь, то камандваць нашымі народамі з эўрацэнтраў стала б зусім праблематычна. Нашы народы павінны вярнуцца ў Эўропу пасьля стагоддзяў маскоўскага палону не як бедныя сямейнікі, а як раўнапраўныя сябры эўрапейскай сямьі. Вярнуцца на месца, якое належыць нам. Не выпадкова менавіта Кіеў выступіў нядаўна з ініцыятывай абьяднаньня краінаў Цэнтральнай і Усходняй Эўропы і правёў ва Украіне першую (вельмі ўдалую) міжнародную канфэрэнцыю. Калі вызваленыя ад расейскага камунізму краіны будуць дзейнічаць разам у адстойваньні сваіх інтарэсаў, то ня ўдасца нікому плесьці брусэльска-маскоўскія інтрыгі за нашымі плячыма.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ