ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ Ў ЦВК
Пасьля ўльтыматыўнага папярэджаньня Цэнтральнай Выбарчай Камісіі ад 18-га студзеня аб непрызнаньні нашых подпісаў з прычыны распаўсюджваньня інфармацыі пра Народнае галасаваньне нас пазбавілі магчымасьці нармальнага збору подпісаў.
Кожны дзень нашых зборшчыкаў у Менску арыштоўвала міліцыя, складалі пратаколы, рыхтавалі, як яны нам паведамілі, матэрыялы на нас у ЦВК.
Чатыры разы за апошнія шэсьць дзён быў затрыманы міліцыяй кіраўнік майго выбарчага штабу спадар Сяргей Папкоў. У Жодзіне 24 студзеня да маёй групы зборшчыкаў пад'ехалі чатыры міліцэйскія машыны, зь якіх выскачылі ўзброеныя аўтаматамі міліцыянеры, накінуліся на зборшчыкаў і павезьлі ў пастарунак, зьневажаючы словамі.
Затрыманьні і арышты міліцыі працягваліся з дня ў дзень. Вось вынік ультыматуму ЦВК і мэтады здабываньня аргумэнтацыі на нерэгістрацыю сабраных намі подпісаў. ЦВК удзельнічае ў брыдкім палітыканстве. Сувязь папярэджаньня-ультыматуму ЦВК зь міліцэйскімі затрыманьнямі абуральная. Пры дапамозе міліцыі ЦВК стварыла штучную аргумэнтацыю для нерэгістрацыі маёй кандыдатуры. Я бачу бяссэнсавасьць здачы сабраных подпісаў у такую камісію.
Дзякуй людзям, якія зьбіралі, дзякуй прыхільнікам, што падпісаліся. Падпісныя лісты застаюцца ў нас.
Зянон Пазьняк