УСЁ ЗВЫЧАЙНА Ў ЦАРСТВЕ НЯЧЫСЬЦІКА

27 студзеня фэдэральная рэгістрацыйная служба мінюста РФ падала іск аб ліквідацыі Расейскага дасьледчага цэнтру па правах чалавека, які аб'ядноўвае 12 праваабарончых арганізацыяў. Пагром трэцяга сэктару лубянскай канторай працягваецца. Старшыня маскоўскай гэльсінскай групы Людзьміла Аляксеева патрабуе выдзяліць ёй час на тэлебачаньні дзеля агучваньня пратэсту. Справа ў тым, што 22 студзеня расейскія СМІ распаўсюдзілі пасьля адмашкі з Лубянкі падмётную агітку ФСБ. У агітцэ гаварылася аб тым, што нядаўна злоўленыя ў Маскве чытыры брытанскіх шпіёны непасрэдна аплочвалі дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў у Расеі. Сам Пуцін весела выступаў з камэнтарамі на гэтую тэму. Вось і канчаецца баль Сатаны. Дысыдэнцкія маргарыты з майстрамі камфортна атабарыліся на пасадах у царстве нячысьціка. Часам яны "журілі" уладу, але не заўважалі генацыд чачэнскага народа, расейскую агрэсію супраць Беларусі, паступова сталіся інтэгральнай часткай новай расейскай імпэрыі (але для лубянскай канторы яны ніколі не сталі сваімі). І вось пракукарэкаў пеўнік на Спаскай вежы Крамля, растварыліся цені, вядзьмакі апранулі бліскучыя гэбоўскія мундзіры, гулі-люлі ў дэкаратыўную дэмакратыю скончыліся. Каля патухлага вогнішча стаяць маскоўскія праўдашукальнікі і патрабуюць абараніць іхні гонар. Мізэрнае відовішча, лягічны канец творчага супрацоўніцтва з сатаністамі.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ