РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА Ў МЕНСКУ
Рэжым працягвае рэпрэсіі супраць сяброў ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. 25 студзеня ў Менску а 16.15 былі затрыманы міліцыяй і дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак сп. Уладзімер Юхо, сп. Анатоль Талкачоў (другі раз за сёньняшні дзень) і сп. Георгі Ярашук. Яны распаўсюджвалі матэр'ялы па Народнаму галасаваньню на Кастрычніцкай плошчы.
Міліцыя выклікала ў пастарунак Уладзіміра Зяньковіча, сакратара Выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну г. Менска. Сакратар атрымаў канфіскаваныя міліцыянтамі інфармацыйныя матэр'ялы па Народнаму галасаваньню і плякат "Народным галасаваньнем спынім фальсіфікацыі рэжыму!" і склаў акт, у якім напісаў пра "антыканстытуцыйныя дзеяньні ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка". Прадстаўнік Выбарчай камісіі, такім чынам, замяніў сабой суд і Канстытуцыю (новы юрыдычны прэцэдэнт, якога ня ведала дагэтуль сучасная практыка). Рэжым апускаецца да абсурдных антызаконных дзеяньняў з мэтай спыніць інфармаваньне насельніцтва аб Народным галасаваньні.
Інфармацыйная камісія КХП-БНФ