РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА Ў МЕНСКУ І ЖОДЗІНЕ

24 студзеня ініцыятыўная група Зянона Пазьняка працягвала працу па збору подпісаў і па інфармаваньні грамадзянаў аб Народным галасаваньні. Сябры групы распаўсюджвалі гэтую інфармацыю ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Пасьля 16:00 міліцыя зноў зьдзейсьніла напад на актывістаў. У Менску быў затрыманы і дастаўлены ў міліцэйскі пастарунак кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў. Затрыманьне праводзілі капітан міліцыі Рыгор Зімайчук і старэйшы сяржант міліцыі Аляксандр Сірафімовіч.

У Жодзіне група актывістаў інфармавала рабочых аб Народным галасаваньні непадалёк ад прахадной БелАЗа. Раптам да групы пад'ехалі тры машыны, адкуль выскачылі міліцыянты, узброеныя аўтаматамі. Захопам людзей камандваў капітан міліцыі Ільіч. Старэйшы лейтэнант міліцыі схапіў адну з актывістак, пажылую жанчыну, за каўнер і брутальна тузаў яе. Затрымалі і адвезьлі ў пастарунак Анатоля Рабкаўца і Іраіду Місько. У міліцэйскім пастарунку Іраідзе Місько, пажылой жанчыне, зрабілася кепска. Яна папрасіла вады. Міліцыянты адказалі ёй: "А можа вам яшчэ шампанскага падаць?" На затрыманых складены пратаколы за "распаўсюджваньне матэр'ялаў без выходных дадзеных". Пасьля 19:00 затрыманых у Менску і Жодзіне актывістаў адпусьцілі з пастарункаў. Рэжым зноў спрабуе запалохаць людзей і антызаконнымі дзеяньнямі спыніць распаўсюджваньне інфармацыі пра народнае галасаваньне. Відавочна, што міліцыя атрымала загад паводзіць сабе нахабна і цынічна. Страх згубіць кантроль над грамадзтвам штурхае рэжым на чарговыя антызаконныя дзеяньні.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ