ПАТРЭБНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

24 студзеня 2006 г. Брытанская газэта "Guardian" піша пра школьніцтва і пісьменнасьць насельніцтва ў Вялікай Брытаніі. Сацыялягічны зандаж паказаў, што палова з працоўнага насельніцтва краіны ўмее чытаць і пісаць на ўзроўні 12-гадовых дзяцей. Афіцыйныя зьвесткі пра школьніцтва ў Нью-Ёрку можна прачытаць кожны год. Амаль 40 адсоткаў дзяцей пасьля сканчэньня васьмі клясаў агульнагарадзкой школы ня ўмеюць пісаць і ледзь-ледзь чытаюць альбо ўвогуле не чытаюць. Дарэчы, у 8-м клясе амэрыканскай агульнаадукацыйнай школы праходзяць яшчэ складаньне і адыманьне.

Наш камэнтар: Сэнсацыйна, ці ня праўда? Жывучы за жалезнай заслонай, многія з нас прызвычаіліся глядзець на Захад з зайздрасьцю і піетэтам. Маўляў, там свабода: рабі, што хочаш, разьвівайся, падарожнічай, ніякія кнігі і фільмы не забаронены і г.д. Потым мы пабылі там і ўбачылі тыя ж інтэлектуальныя кантрасты, што і ў нас. Аказалася, што карыстацца свабодай дзеля інтэлектуальнага самаразьвіцьця на Захадзе ўмеюць і хочуць нямногія людзі. Астатнім абы паесьці ды папіць. У цэлым агульны ўзровень школьнай адукацыі нават значна ніжэйшы за тое, што існуе ў нас. Дзяцей ня надта загружаюць інфармацыяй, яны нетаропка ідуць па дарозе ведаў і канчаюць школу ў 19 гадоў (!). Абсалютная большасьць зь іх нічога ня ведае пра чужыя культуры і народы, ня ведае нават мапу Эўропы і хто супраць каго ваяваў у Другой сусьветнай вайне. Седзячы на бацькоўскіх харчах, моладзь масава запісваецца ў левыя групоўкі, носіць на майках патрэты Чэ Гевары і Маркса зь Леніным, серп з молатам і савецкі гэрб. Яны з пенай на вуснах будуць даказваць вам, што "камунізм — гэта добра", а на Захадзе жыць немагчыма. Калі адкажаш ім, што няхай бы ехалі ў былую саўдэпію ды пажылі на нашы заробкі, то яны ня кемяць, у чым справа — як гэта можна кпіць з іхняга "сьветлага ідэалу". Такія да канца жыцьця нясуць у сабе гэты шызоідны "рамантызм", так і ня здольныя будуць убачыць рэчаіснасьць. Творчая меншасьць (як заўсёды і паўсюль) жыве сваім уласным жыцьцём. І сапраўды можна пазайздросьціць іхнім магчымасьцям: унівэрсітэты з традыцыяй даўжынёй у стагоддзі, багацейшыя бібліятэкі і музэі, магчымасьць без праблемаў падарожнічаць і творчы працаваць. Але гэта ёсьць меншасьць. Зь імі свая, адмысловая праблема. Яны альбо нічога ня ведаюць пра Беларусь і наш народ, альбо яшчэ горш — начыталіся скрыўленай інфармацыі з расейскіх манаграфіяў, Салжаніцына ды з мясцовых саветолягаў-русістаў. Яны вам раскажуць такія байкі пра вас самых, што вушы завянуць. У гэтым выпадку нервавацца ня трэба, а спакойна тлумачыць і распавядаць. Тут становіцца зразумелым, наколькі разбуральнай была паганая 200-гадовая маскоўскай акупацыя. Акупанты амаль цалкам сьцерлі сапраўдны вобраз Беларусі, што больш за тысячу гадоў існаваў у галерэі партрэтаў хрысьціянскіх народаў Эўропы, перамалявалі яго па-свойму, сказілі, надалі карыкатурныя рысы. Ня дзіва, што многія з русіфікаваных беларусаў самы паверылі ў акупанцкую замалёўку пра наш народ. У адноўленай, вызваленай ад прамаскоўскага рэжыму Беларусі гэтаму зьдзеку з нашай культуры будзе пакладзены канец, а адукацыя будзе адным з галоўных прыярытэтаў дзяржавы.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ