СПАДЧЫНА КАМУНІЗМУ ПІШЧЫЦЬ Ў ВУШАХ

22 студзеня 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" піша пра падзеі, што папярэднічаюць абмеркаваньню ў Радзе Эўропы праекта рэзалюцыі "аб неабходнасьці міжнароднага асуджэньня таталітарных рэжымаў". Актыўна ўзьвіліся камуністычныя партыі ў Расеі, Францыі, Грэцыі і Партугаліі. Камнамэнклятура крычыць, што не дапусьціць абмеркаваньня ў рамках адной рэзалюцыі злачынстваў фашызму і "справаў камунізму". Камунякі абяцаюць нават арганізваць масавыя дэманстрацыі ў Стазбургу. На гэтыя крыкі швэдскі эўрадэпутат Гёран Ліндблат (які павінен прадстаўляць праект рэзалюцыі) спакойна адказаў: "Рада Эўропы ня можа маўчаць, калі з 46 краінаў-сяброў арганізацыі палова спазнала на сябе панаваньне камуністычных рэжымаў". Дарэчы, галоўным экспэртам і дакладчыкам па злачынствах фашызму быў прызначаны товарішч Міхаіл Мергелов ад РФ.

Наш камэнтар: Ну што ж, паглядзім, як удасца эўрапалітыкам сфармуляваць асуджэньне злачынстваў камуны. Пакуль што швэд Ліндблат паводзіць сабе адэкватна. Успомнім, што ў Масквы ўвесь час нешта ня клеілася ў Швэцыі. На адным з паседжаньняў Камінтэрну Сталін пачаў гарлапаніць на генсека шведзкай кампартыі Карла Кільбома за тое, што ў Стакгольме камуністы не арганізавалі першамайскую дэманстрацыю. Кільбом шчыра адказаў: "Дык быў жа дождж, таварыш Сталін..." Гаспадар Крамля зусім усхадзіўся: "Так что же, нам в Петрограде тоже нужно было отменять із-за дождя октябрьскую революцію?!" Кільбом сваечасова (ў 1929 г.) адышоў ад Камінтэрну і перастаў езьдіць у Маскву. У выніку дажыў да старасьці і паспеў напісаць мэмуары. Мы маем уражаньне, што адкруціцца ад жудаснай і злачыннай спадчыны камунізму зьбіраецца й мясцовы генсек кампартыі таварыш Калякін (цяперашні кіраўнік выбарчага штабу "беспартыйнага", адзінага і непаўторнага Мілінкевіча). Гэты разам з падстаўным Мілінкевічам гатовы і ў сьнег і ў дождж весьці беларускі народ да сьветлых вяршыняў (ці як у іх там). Аднак, хто хоча даведацца, што гэта за "сьветлыя вяршыні", павінен зазірнуць у праграму партыі Калякіна. А там напісана пра неабходнасьць аднаўленьня "велікой страны — Советского Союза". Вось такія Бобчынскі і Добчынскі выступаюць на арэне падстаўнога цырку псэўдаапазіцыі. Такое і ў Камінтэрне ня снілася.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ