УВАГА! У МЕНСКУ АРЫШТАВАЛІ ГРУПЫ ЗБОРШЧЫКАЎ ПОДПІСАЎ ЗА ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА
22 студзеня, нядзеля. Сёньня ў Менску подпісы за Зянона Пазьняка зьбіралі чатыры групы зборшчыкаў: дзьве ў раёне вакзала, адна ля Інстытуту культуры і адна на плошчы імя Якуба Коласа. Адначасна даводзілася інфармацыя пра Народнае галасаваньне. Праз нейкі час адну групу на вакзале і групу ля Інстытуту культуры акружыла міліцыя. Подпісы зьбіраць не далі, зборшчыкаў арыштавалі, у тым ліку Сяргея Папкова кіраўніка Ініцыятыўнай групы і выбарчага штабу Зянона Пазьняка. Міліцыянтамі кіраваў падпалкоўнік Цэдрык. Вядомыя прозьвішчы некаторых арыштаваных — Тацьцяна Цяцёркіна, Віктар Забродзін, Ангеліна Масюта, Уладзімер Талкачоў, Сяргей Папкоў. Арыштаваных павезьлі ў "Кастрычніцкі" РАУС. Там на зборшчыкаў складаюць пратаколы і інкрымінуюць ім.... не, не шпіёнства ў карысьць Брызіліі, а "распаўсюджаньне матэрыялаў без выходных дадзеных"... Вось такая "выбарчая кампанія" цяпер ў Беларусі. Пра цынізм і прававае дзікунства ўжо не кажам. Гэтакія дзеяньні — вынік вядомага "ультыматуму" старшыні ЦВК Ярмошынай. Рэжым вырашыў легчы касьцьмі, але недапусьціць Зянона Пазьняка ў Беларусь.
Антось Возера, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ