ЗБОР ПОДПІСАЎ ЗА ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА Ў ЦЭНТРЫ СТАЛІЦЫ

21 студзеня, у суботу, сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка сабраліся ў цэнтры Менска: на плошчы Якуба Коласа і на Кастрычніцкай плошчы. Яны трымалі плякат "Народнае Галасаваньне — наш супраціў фальсіфікацыям рэжыму!" Актывісты зьбіралі подпісы грамадзянаў у падтрымку Зянона Пазьняка, тлумачылі сутнасьць Народнага Галасаваньня і раздавалі інфармацыйныя матэр'ялы на гэтую тэму. Легальная акцыя ініцыятыўнай групы выклікала вялікую актыўнасьць і цікаўнасьць грамадзянаў. Але таксама й гістэрычную рэакцыю службаў рэжыму. З самага пачатку да ініцыятыўнай групы падбеглі міліцыянты і пагражалі арыштам сябрам групы, сьцьвярджалі, што яны ня маюць права інфармаваць людзей. Пагрозы і спробы застрашыць актывістаў міліцыя час ад часу паўтарала на працягу ўсяго дня. Падыходзіў нават патруль, узброены аўтаматамі, патрабаваў "ачысьціць тэрыторыю". Але ініцыятыўная група працягвала спакойна і арганізавана працаваць, не зважаючы на пагрозы правакатараў, падасланых рэжымам. Было распаўсюджана шмат тысячаў інфармацыных матэр'ялаў па Народным Галасаваньні. Інфармацыйная праца на плошчах Якуба Коласа і Кастрычніцкай (а таксама каля чыгуначнага вакзала) будзе працягвацца ва ўсе наступныя дні перадвыбарчай кампаніі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ