НОВАЯ ЧЭМБЭРЛЕНАЎШЧЫНА
21 студзеня 2006 г. Швэйцарская газэта "Neue Zuercher Zeitung" паведамляе пра тое, што Іран пачаў перакідваць свае грашовыя ўклады з эўрапейскіх банкаў у банкі Шанхая, Ганконга, Сінгапура, Малайзіі. Тэгеранскае кіраўніцтва ня крыецца, што робіць гэта, усьведамляючы пагрозу заходніх эканамічных санкцыяў супраць Ірану ў сувязі з актывізацыяй іранскай атамнай праграмы. Іранцы ня хочуць, каб заходнікі "замарозілі" іхнія рахункі ў сваіх банках. Дарэчы, іранцы не забіраюць свае капіталы са швэйцарскіх банкаў.
Наш камэнтар: Справа разгортваецца надта ж сур'ёзная вакол іранскага атаму. Даўно вядомы шэраг прыкметаў эскалацыі міжнароднага канфлікту і набліжэньня гвалтоўнай разьвязкі (нават вайны): з комінаў пэўных амбасадаў актыўна валіць дым (на ўсялякі выпадак там паляць дакумэнтацыю), адклікаюць сваіх грамадзянаў з патэнцыйна варожай краіны. Эвакуацыя капіталаў з зоны патэнцыйнага праціўніка ёсьць адным з галоўных паказчыкаў прэлюдыі драмы. За ўсім гэтым наступны этап — гэта канцэнтрацыя войскаў на межах etc. Расказваючы пра ўсё гэта швэйцарскія журналісты, амэрыканскія палітыкі і эўрадэпутаты чамусьці ня згадваюць таго, хто ўзяўся быў за гуж і паабяцаў зусім нядаўна "спыніць і ўлагодзіць Іран ды ўзяць пад кантроль ягоныя атамныя праграмы". А менавіта пра Расею, якая на працягу двух месяцаў "спыняла" і "улагоджвала" тэгеранскіх начальнікаў ды зрабіла гэта настолькі грунтоўна, што, відаць, дойдзе да канцэнтрацыі заходніх войскаў каля межаў Ірану, а можа і да чарговай "антытэрарыстычнай вайны". Крэмль-Лубянка, атрымаўшы дыпляматычны карт-блянш ад Захаду на вядзеньне іранскай справы, элегантна, з усьмешачкай на твары міністра МЗС Лаўрова падвялі Захад да чарговай азіяцкай бездані. Зірнуць уніз страшна і адступіць назад немагчыма — а ў Маскве зноў паціраюць ручкі, плянуючы чарговы скачок цэнаў на нафту ды іншыя барышы пад грукат кананады. А ў Брусэлі мабыць раюцца: што б гэта яшчэ даручыць маскоўскім таварышам?
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ