ДВА ПЕРАМОЖНЫЯ СЛОВЫ

Ты за Мі?

А якая розьніца, за каго ты? Выбараў-та ня будзе! Іх ужо няма: няма роўных умоваў, няма прапарцыйнага доступу да СМІ, няма кантролю ў камісіях, подпісы за галоўнага прэтэндэнта зьбіраюць дворнікі ў спэцоўках, уласна галоўны прэтэндэнт ідзе на выбары ня маючы на гэта права...

Чаго ты даможасься, апусьціўшы паперку ў скрыню? Іх нават лічыць ня будуць. Чым твой непалічаны голас за Мілінкевіча будзе адрозьнівацца ад непалічаных галасоў у 2001-м ці леташніх? Чаго ты даможасься, падыграўшы махлярам? Што здарыцца пасьля абвяшчэньня вынікаў з экрану на Кастрычніцкай плошчы: Лукашэнка 82%, Мілікевіч 4, ...? Натоўп узвые і ўзрые сквэр перад рэзыдэнцыяй? Ці ня вытрымаюць нэрвы ў Джорджа Буша і ён пусьціць ракету?

А што як Мілінкевіча здымуць? А так і будзе. Нашто Лукашэнку Мілінкевіч? Ён дапусьціць Казуліна і Гайдукевіча. Пойдзеш тады за Казуліна як "адзіна магчымую альтэрнатыву"? Ты бачыў таго Казуліна? Ты чуў як ён прамаўляе? Ты ведаеш хто ён?

Адзіны прадукцыйны шлях — сарваць фальшывыя выбары. Байкотам гэтага ня зробіш, бо сыстэма прыпісак і маніпуляцыяў з працэнтам галасуючых выбарнікаў наладжаная зь 95-га году. А вось забраўшы з сабою бюлетэнь — можна. Хаця б 20-30% бюлетэняў сабраць — ужо вынікі выбараў пад сумневам (што гэта за вынікі, калі траціны бюлетэняў няма? што абвесьціць Цэнтарвыбаркам, калі бюлетэні вось тутака? што яны там лічылі?). А калі 50% + 1 (і гэта рэальна!) — аўтаматычны імпічмэнт.

Для рэвалюцыі патрэбная зачэпка. Для рэвалюцыі трэба каб у сыстэме зьявілася расколіна, няпэўнасьць, збой. Для рэвалюцыі недастаткова вывесьці 100 тысяч на праспэкт. Былі ж і Чарнобыльскі шлях 96 і іншыя шматлюдныя акцыі. Іх спынілі 2 000 мянтоў. А ёсьць яшчэ ўнутраныя войскі! Ёсьць армія! Ёсьць Валодзя ў Маскве, які можа сваіх галаварэзаў на дапамогу даслаць! Для рэвалюцыі трэба каб людзі з тае абоймы адвярнуліся ад лузэра што прайграў. Адна няўдача і ад важака адварочваюцца — такія законы зграі.

Хто не галасаваў у 94-м, у 95-м, пазьней, магчыма, не ўяўляе гэты роспач, боль, пачуцьцё прыніжанасьці дзеля падману. Я галасаваў у свой час, і байкатаваў у свой час і ведаю — больш у гэтым казыно гуляць нельга! Яго трэба разбурыць! зьнесьці! спаліць!

Сапраўдныя выбары ці рэфэрэндум — гэта не калі у рэжыме бульдозэра ўсе ўладныя і каляўладныя сілы прапіхваюць патрэбны вынік. Выбары — гэта выбар. Калі кожная баба з занядбанай вёскі будзе ведаць хто такі Мілінкевіч і чаго ён хоча гэтаксама як ведае хто такі Лукашэнка і чаго ён хоча — тады можна спадзявацца на станоўчыя вынікі галасаваньня. А галасаваньне ў цяперашніх драkонаўскіх умовах бессэнсоўнае, гэта ня выбар, гэта абсурдны рытуал з гуканьнямі, карагодамі, сьпевамі і скокамі; спэктакаль, дзе адныя граюць "благадарны народ", а другія — "кучку адшчапенцаў".

Кажаш — байкот?

Рабіць трэба паводле яснага пляну, маючы дакладную мэту і сягаючы канкрэтнага выніку.

Байкот марны. Перад закрыцьцём участку колькасьць прагаласаваўшых "дакручваецца" да патрэбнага працэнту, а ў скрыні падаюць пачкі аднолькава запоўненых бюлетэняў. Даўно вядомыя ўсе маніпуляцыі і спосабы махлярства — ад "дынамічных" сьпісаў выбаршчыкаў да датэрміновага галасаваньня і "адкрапіцельных" талёнаў. Як банду шулераў цяжка бывае вывесьці пакуль не аглушыш аднога ды ня вырвеш карты ў другога, гэтак і адладжаную фальсыфікатарскую махіну ня спыніш, не патрапіўшы ўнутар. З канапы рэвалюцыі ня робяцца!

Байкот ня мае дакумэнтальных наступстваў. Працэнт байкатоўцаў па краіне, з улікам фальшывага падліку на ўчастках і ў камісіях, нельга зафіксаваць і даказаць.

Байкот на выбарах 2006 не адбудзецца, бо больш за 50% выбаршчыкаў стопудова прыйдуць — насельніцтва палітызаванае і разагрэтае.

Пытаеш пра вынік?

Для рэвалюцыі патрэбная фактычная зачэпка, а ня толькі крыўда прыніжаных. Крыўды мы назьбіралі ўжо дастаткова. "Народнае галасаваньне" ломіць у мэханізьме рэжыму досыць важны вузел — "галасавальную машынку". Не працуе адзін вузел — спыняецца ўся сыстэма.

На руках у насельніцтва (а потым Грамадзкай камісіі) застаецца дакумэнтальнае сьведчаньне з подпісамі старшыняў і чальцоў участковых камісіяў ды іншымі ступенямі абароны. Слова супраць дакумэнта — нішто, няхай сябе і слова Ярмошынай. А я думаю, яна не камікадзэ і ня пойдзе супраць дакумэнтальнага факту, абвяшчаючы лухту. А Лазавік — маладушны гумарыст — той першы выскачыць да журналістаў ляпіць сабе індульгенцыю. Падстрахоўка ўжо сёньня праз сказ у ягоных рэпліках: (6 студзеня сёлета) "Калі замест бюлетэня выбаршчык у скрыню для галасаваньня ўкіне нейкі іншы аркуш альбо самаробны бюлетэнь, дык для выбарчай кампаніі і выбарчай камісіі ніякай трагедыі ня будзе. Выбары ў нас свабодныя, і кожны грамадзянін мае права галасаваць ці не галасаваць, кідаць у скрыню бюлетэнь ці ня кідаць".

Патлумачу спрошчана. На ўчастку выварочваецца на стол скрыня, а там палова белых аркушоў замест бюлетэняў. Гэта значыць, што падпісаўшы спушчаны зьверху пратакол, кожны чалец камісіі, а асабліва старшыня, падпішуць сабе прысуд у справе фальсыфікацыі выбараў і спробе неканстытуцыйнага захопу дзяржаўнай улады. А ўлікі да гэтай справы — на руках у выбаршчыкаў (Грамадзкай камісіі). Прытым улікі канкрэтныя — з подпісамі гэтага ж старшыні і чальцоў камісіі, пячаткай і ступенямі абароны ад падробкі. Як можна падпісаць пратакол зь лічбамі ўдзелу па ўчастку, скажам, 90%, калі на заўтра ў пракуратуру нехта прынясе і пакладзе на стол 30% бюлетеняў з тваімі ж подпісамі? Ачко, як кажуць, зайграе. Да таго ж нічым не прыкрытае ачко! Дык гэта на ўзроўні ўчастковай камісіі такі эфэкт! А на ўзроўні раённай, калі тэлефоны зь месцаў выбухнуць, маўляў, што нам рабіць? — эфэкт будзе куды скарэйшы. "Ніхто не хацеў паміраць", як той казаў.

Ці рэальна?

У мяне да цябе тры пытаньні:

1) Што рэальней?
2) Што прасьцей?
3) Што законьней?

Адназначных праціўнікаў Лукашэнкі сярод 6,5 млн. грамадзянаў Беларусі, што маюць права голасу, паводле любых сацыялягічных апытаньняў прынамсі паўтары мільёны! Гэта мы. Мы актыўныя, мы адрозьніваем праўду ад хлусьні, мы не хаваемся і гатовыя сказаць "Не!" падману. Ужо толькі нас дастаткова каб сарваць псэўдавыбары. Адсутнасьць чвэрці бюлетэняў — гэта нулявая легітымнасьць любога галасаваньня. А пры 70-80-працэнтнай яўцы (вышэй няёмка будзе "маляваць", бо тут жа не Паўночная Карэя) — нас ужо 30%!

Ёсьць яшчэ прынамсі паўтары мільёны грамадзянаў, якія не ў захапленьні ад Лукашэнкі, але ня бачаць альтэрнатывы, таму з мэнтальных матываў галасуюць за мацнейшага. Яны б мо й зрабілі нешта вартае Грамадзяніна, але ніхто іх ня просіць. Як толькі яны пабачаць рэальны шлях да пераменаў — а Народнае галасаваньне гэта іх пачаткак — яны зробяць слушна. Іх нават ня трэба агітаваць. Украінскі Майдан таму прыклад: дайце толькі вартую зачэпку і безнадзейны ледавік выбухне агнявым вулканам!

Парадаксальна, але й прыхільнікам Лукашэнкі ідэя Народнага галасаваньня часьцяком "заходзіць", бо яны хоць і простыя, але не бяз гонару — маніпуляцый зь сябе цярпець ня хочуць і гатовыя праверыць чысьціню сыстэмы. Я сустрэў такое размаўляючы зь людзьмі (цяпер толькі й гаворкі ў транспарце ці ў курылцы, што пра Выбары-2006). "Напішуць то яны напішуць, а я пагляджу, ці пра мяне напішуць! Паперына ж тутай!".

Прынамсі ў траіх рабацяг я выкуплю іх бюлетэні за пляшку чарніла. Гэта я. А колькі нас, нагадай?

У тых, хто аспрэчвае моц Народнага галасаваньня варта запытаць пра іншыя даступныя шляхі да Перамогі — мо знойдзецца які геній ды падкажа. Я пакуль такога ня бачыў. А часу засталося — месяц. Толькі й хопіць каб паведаміць пра ідэю мільёнам тром-чатыром.

Дзіва дзіўнае, але юрысты лукашэнкаўскія прашчоўкалі фатальны момант! Кожны выбаршчык можа забраць бюлетэнь з сабой без усялякіх тлумачэньняў! Можна, бо не забаронена! Хочаш — наляпі на сьцяну, хочаш — падцярыся (зрэшты, гэта раўназначна закідваньню ў дзіравую "урну"); хочаш — зьбярыся зь сябрамі і наладзь праўдзівы падлік, а найлепш — давер гэта Грамадкай камісіі.

Цяпер лукашыстам позна зьмяняць законы (падчас усяе выбарчае кампаніі гэта забаронена), цяпер позна рыпацца! Да выбараў правілаў не адкруціш і не перайграеш! Дубінкамі да скрыні не падгоніш! У кішэні на выхадзе не залезеш! "Працэс пайшоў" — як адзін казаў, а будзе й "Фініта ля камэдыя" — як казаў другі.

Дзе мой Зянон?

Паслухай, дружа. За Мілі ты ці за Луку, хоць за Гайдукевіча — выбараў няма! У гэтай сыстэме — калі ты бы робат — ад цябе нішто не залежыць. Справа робата — прынесьці бюлетэнь, а справа іншых робатаў — скласьці два стосы ў прапорцыі 10:1 і выдаць патрэбны вынік. І няма ў сыстэме такіх робатаў, якія будуць праўдзіва лічыць, бо не прадугледжана! Ня будзь робатам!

Сапраўдныя выбары будуць пасьля. Давай спачатку пачысьцім сажалку ад п'явак, а тады ўжо будзем сваіх рыбаў лавіць, каму якая да смаку.

Ты кажаш пра мабілізацыю і веру ў перамогу — мабілізуй, упэўнівай! Накруці свайму куміру рэйтынг 50%! Хадзі па кватэрах, гавары зь людзьмі. Але ня кінь свой жомчуг сьвіньням. Не змарнуй свае працы, аддаўшы падлік нягоднікам. Мы самі можам палічыць і пералічыць. І ўсё абвесьцім. І ніводзін з галасоў добрых нашых людзей не прападзе. І ня пойдуць бюлетэні на сьметніцу ці ў печ як прынята, а ў музэй лягуць як найкаштоўнейшы скарб, што ўратаваў Беларусь.

А Зянон? Здаўна казалі: разумнай галоўцы досыць два слоўцы. Словы тыя — Зянонавы. Якраз два: НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАНЬНЕ.

Ананімны тэкст з інтэрнэцкага "форуму"

Даслаў Зьміцер Гурневіч.