ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: НАМ ПРАД'ЯВІЛІ ЎЛЬТЫМАТУМ

18 студзеня, ў той дзень, калі наша Ініцыятыўная група выйшла на мяжу 100 тысячаў подпісаў, ЦВК у асобе спадарыні Ярмошынай зрабіла нам другое афіцыйнае папярэджаньне (першы раз — вуснае).

Нам пастаўлены ўльтыматум: калі мы надалей прадаўжаем пашыраць інфармацыю пра Народнае галасаваньне, то сабраныя намі подпісы будуць улічаныя Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй як несапраўдныя.

Сказана зразумела і нядвухсэнсоўна. Альбо мы адмаўляемся ад інфармаваньня пра Народнае галасаваньне, і тады нашыя сабраныя подпісы прымаюць для ўдзелу ў лукашэнкавых выбарах, альбо калі мы працягваем ідэю Народнага галасаваньня, тады нас да ўдзелу ў афіцыйных выбарах не дапускаюць.

У сувязі з ультыматумам Ярмошынай я праводжу цяпер кансультацыі з кіраўніцтвам Ініцыятыўнай групы і Партыі БНФ. Пасьля кансультацыяў павінна ўзьнікнуць калектыўнае рашэньне аб нашых дзеяньнях.

У бліжэйшы час прашу кіраўніцтва і ўсіх сяброў Ініцыятыўнай групы не зьвяртаць увагі на ўльтыматум, інтэнсіўна працягваць збор подпісаў і адначасна інфармаваць грамадзтва аб неабходнасьці і парадку Народнага галасаваньня. Усе нашыя дзеяньні пагрунтаваныя на Канстытуцыі і законах і нідзе не пярэчаць выбарчаму заканадаўству.

19 студзеня 2006 г.

Зянон Пазьняк.