НАШАЕ ВОЙСКА ЛЕПШАЕ

18 студзеня 2006 г. Дацкая газэта "Politiken" піша пра расейскую армію. На газэтным фота — "салагі", разгубленыя юнакі ў касках на фоне бранетэхнікі. А ў тэксьце пераказ афіцыйнай статыстыкі мінітэрства абароны РФ: за мінулы год у арміі загінула 1170 вайскоўцаў, прычым у баявых дзеяньнях загінулі толькі 103. Журналістка паведамляе, аднак, альтэрнатыўную статыстыку Арганізацыі жаўнерскіх маці. Паводле яе старшыні Вэранікі Марчанкі, за 2005 г. у расейскай арміі загінула 3 тысячы вайскоўцаў, вялікая статыстыка самагубстваў, ахвяраў канфліктаў і сутыкненьняў паміж вайскоўцамі і незахаваньня правілаў бясьпекі.

Наш камэнтар: Жах расейскага (савецкага) войска і флёту застаецца чорнай старонкай у жыцьці кожнага беларуса, які там быў. Службу ў цяперашняй беларускай арміі не параўнаць з манумэнтальным маразмам і дзікунствам СА. Незалежная дзяржава, адноўленая нашым народам пад кіраўніцтвам Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" у 1991 г. — гарант таго, што нашых жаўнераў і афіцэраў ня гоняць за тысячы кілёмэтраў ад дому, што на нашай зямлі ня топчыцца мільённая чужая імпэрская армія. Антыбеларускі рэжым, нягледзячы на ўсе намаганьні, ўжо дванаццаты год ня можа пазбавіць наш народ гэтай заваёвы. Толькі падумаць, колькі ж за гэты час загінула моладзі ў расейскай арміі, на крывавых каляніяльных войнах — тысячы і тысячы! Але нельга ўяўляць сабе, што права служыць у сваёй арміі непадалёк ад родных мясьцінаў і сям'і ёсьць чымсьці натуральным, што склалася само сабой. Усё гэта можна праспаць у шапку, прахлопаць вушамі, змарнаваць. Сваю дзяржаўную незалежнасьць трэба абараняць ад расейскага імпэрыялізму, які рыхтуе нам удаўку ў выглядзе "канстытуцыйнага акту" і "саюзнай дзяржавы" з "сумеснай арміяй". Беларуская моладзь павінна клапаціцца пра сваю будучыню, ня скідваць гэты клопат на некага іншага. Настае час вялікай адказнасьці за выбар далейшага шляху нашага народу — самастойна і незалежна, сябруючы з цывілізаванымі краінамі Эўропы альбо з п'янай і бесчалавечнай расейскай імпэрыяй.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ