ДЛЯ АРГАНІЗАЦЫІ НАРОДНАГА ІМПІЧМАНТУ НЕЛЬГА ГУБЛЯЦЬ ЧАС

Прыводзім ліст, які накіраваны 16 студзеня 2006 г. ў штаб ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, з прапановай аб'яднаць намаганьні па арганізацыі народнага імпічманту А. Лукашэнку.

Штаб ініцыятыўнай

групы Зянона Пазьняка

17 студзеня 2006 г.

У Штаб ініцыятыўнай групы

Аляксандра Мілінкевіча

Накіроўваем зварот Зянона Пазьняка "Павінна быць народная воля" для вырашэньня пытаньня аб'яднаньня ініцыятыўных групаў законных прэтэндэнтаў дзеля арганізацыі Народнага галасаваньня і народнага імпічманту Лукашэнку.

Прапануем распачаць інтэнсіўную інфармацыйную працу па Народным галасаваньні і стварэньні структураў Нацыянальнай грамадзкай камісіі.

Юрыдычнае абгрунтаваньне Народнага галасаваньня і стварэньня НГК.

З Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:

"Артыкул 3. Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.

Любыя дзеяньні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэньня законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам."

Артыкулам 3 Канстытуцыі прадугледжана, што ў выпадку дэфармацыі ўлады, здрады нацыянальным інтарэсам, ператварэньні яе ў ворган прыгнёту народа, народ мае натуральнае права абараніць сваю годнасьць і гонар, сваю свабоду, Закон і Канстытуцыю.

НГК ўзьнікла як ворган самаабароны народа ад здрадніцкага, карумпаванага, незаконнага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і дзейнічае на прынцыпах самаарганізацыі.

Задачы НГК:

1. Давядзеньне інфармацыі да выбаршчыкаў пра Народнае галасаваньне, як спосаб абвяшчэньня 19 сакавіка 2006 г народнага імпічманту Лукашэнку.

2. Забеспячэньне збору бюлетэняў рэжыму і давядзеньне вынікаў Народнага галасаваньня да грамадзтва.

3. Распрацоўка тактыкі і арганізацыя агульнанацыянальных акцыяў па адхіленьні Лукашэнкі ад улады.

4. Спрыяньне перадачы ўлады Часоваму Ўраду.

Зьвяртаем увагу, што замаруджваньне прыняцьця рашэньня спрыяе толькі Лукашэнку і яго рэжыму.

Зварот Зянона Пазьняка "Павінна быць народная воля" дадаецца.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы

Сяргей Папкоў