ШТАБЫ ПРЭТЭНДЭНТАЎ ВЫВУЧАЮЦЬ ІДЭЮ “НАРОДНАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ”
Падчас паездак Аляксандра Мілінкевіча па рэгіёнах Беларусі мясцовыя актывісты "апазыцыі" прапанавалі падтрымаць ідэю Зянона Пазьняка аб "народным галасаваньні". Сэнс прапановы ў тым, каб выбаршчыкі забіралі бюлетэні з сабой, а замест іх кідалі ў скрыні чыстыя аркушы. Прапанавана рабіць гэта на стадыі датэрміновага галасаваньня, калі людзей прымушаюць галасаваць. Як паставіліся да прапановы ў штабах апазыцыйных прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах?
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў накіраваў у штабы Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча прапановы наконт сумеснага ўдзелу ў ініцыяваным лідэрам КХП БНФ "народным галасаваньні".
Кандыдат ад аб'яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч на гэта зазначыў, што тут трэба аддаваць перавагу прагматычнаму падыходу:
Мілінкевіч: "Калі мы сапраўды можам дасягнуць значнага выніку, шырокага ўдзелу, тады варта. Калі ж мы ня маем шанцаў на вялікую колькасьць удзельнікаў, то, можа, ня варта траціць сілы на гэта... Трэба абмяркоўваць, мы яшчэ рашэньня на гэты конт не прынялі, будзе папярэдняя сустрэча з Папковым".
Спадар Мілінкевіч адносна прапановы выкарыстаць гэтую ідэю падчас датэрміновага галасаваньня ў інтэрнатах зазначыў, што перш за ўсё трэба пераконваць людзей не галасаваць датэрмінова.
Сяргей Калякін зазначыў, што прапановы Папкова будзе разглядаць штаб кандыдата Пры гэтым ён выказаў сваю асабістую думку:
Калякін: "Тэхнічна ўсё гэта правільна, але ў нашай краіне немагчыма. Немагчыма арганізаваць збор бюлетэняў, як там прапануецца, што чалавек павінен іх несьці ў нейкае месца".
У штабе Аляксандра Казуліна прапановы Папкова ўжо разгледжаны, паведаміў Мечыслаў Грыб.
Грыб: "Мы прынялі такое рашэньне, што пакуль мы катэгарычна яе і не падтрымліваем, і не адкідаем. Пазьней мы вернемся да гэтага пытаньня".
Іншы прадстаўнік штабу Казуліна Аляксей Кароль назваў ініцыятыву Пазьняка ідэалістычнай. Але пры гэтым ён мяркуе, што яе варта выкарыстоўваць тым, каго будуць прымушаць ісьці на датэрміновае галасаваньне.
Тым часам Сяргей Папкоў заявіў, што ягоная партыя ня будзе чакаць, пакуль іншыя вызначацца, і будзе разгортваць працу дзеля арганізацыі "народнага галасаваньня".
Паводле Радыё "Свабода"