РЭПРЭСІІ І ПРАВАКАЦЫІ СУПРАЦЬ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА Ў МЕНСКУ
11 студзеня каля станцыі мэтро "Партызанская" міліцыя затрымала Алу Гуцаву, сябра ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Яе завялі ў пастарунак міліцыі і склалі пратакол "за адміністрацыйнае правапарушэньне", заяўляючы, што "зьбіраць подпісы каля мэтро нельга". На патрабаваньне сп-ні Гуцавай міліцыя выклікала ў пастарунак прадстаўнікоў раённай выбарчай камісіі. Тыя, спасылаючыся на заканадаўства, апраўдалі дзеяньні міліцыі. Праз дзьве гадзіны сп-ню Гуцаву адпусьцілі. Яна працягнула працу па зборы подпісаў.
12 студзеня інцыдэнт паўтарыўся каля станцыі мэтро "Усход". Старшыня міліцыі Дзяніс Балук затрымаў пры зборы подпісаў сп. Валерыя Забродзіна, сябра ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. У міліцэйскім пастарунку пратакол на сп. Забродзіна складаў капітан міліцыі Павел Лутовіч. Выкліканыя міліцыяй старшыня раённай выбарчай камісіі Першамайскага раёну Марыя Бацян і яе намесьнік Валеры Рындзін апраўдвалі дзеяньні міліцыі. Сп. Забродзін працягнуў працу па зборы подпісаў.
Адміністрацыя студэнцкіх і рабочых інтэрнатаў не пускае сяброў ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка ў будынкі інтэрнатаў, спасылаючыся на "унутраны загад рэктараў і дырэкцыі". У гэтых выпадках міліцыя адмаўляецца прыбыць на выклік сяброў ініцыятыўнай групы.
Рэжым ў адкрытую парушае Закон, перасьледуючы сяброў ініцыятыўнай групы падчас збору подпісаў. Канкрэтныя рэпрэсіўныя загады аддадзены супрацоўнікам міліцыі, а таксама кіраўніцтву выбарчых камісіяў. Улады спрабуюць запалохаць людзей, перашкодзіць збору подпісаў за Зянона Пазьняка (грамадзяне актыўна падпісваюцца ў падтрымку народнага прэтэндэнта). Але ініцыятыўная група працягвае працу, у бліжэйшыя суботу і нядзелю ў Менску і па ўсёй краіне сотні сяброў групы будуць зьбіраць подпісы ў найбольш людных месцах.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
12 студзеня 2006 г.