ЦІКАВАЯ НЯМЕЦКАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сёньня прыбыла з візытам у Маскву. Чакаецца, што адносіны паміж Нямеччынай і Расеяй стануць больш прахалоднымі, чым былі пры папярэдніку Мэркель — Герхардзе Шрэдэры, аднак паводле меркаваньняў экспэртаў стратэгічнае партнэрства паміж дзьвюма краінамі захаваецца. Бэрлін і Масква зацікаўленыя ў супрацоўніцтве ў шэрагу галінаў, прынамсі ў энэргетыцы.

На думку Аляксандра Рара, экспэрта Нямецкай рады зьнешняй палітыкі (і непрыяцеля беларушчыны), у адносінах з Расеяй Ангела Мэркель зробіць стаўку на прагматызм.

Рар: "Адносіны застануцца стратэгічнымі. Гэта азначае, што Нямеччына захавае зацікаўленасьць у эканамічным супрацоўніцтве з Расеяй, прынамсі ў энэргетычнай сфэры. Расея разглядае Нямеччыну, як правадніка расейскіх інтарэсаў на Захадзе. Імаверна, стыль адносінаў можа зьмяніцца, але па сутнасьці адносіны застануцца важнымі і стратэгічнымі".

Адной з тэмаў перамоваў канцлера Нямеччыны і прэзыдэнта Расеі стане праблема расейскіх паставак энэрганосьбітаў у Эўропу.

Рар: "Калі спадарыня Мэркель будзе адстойваць пункт гледжаньня новых, усходнеэўрапейскіх сябраў Эўразьвязу, ёй ня будзе што прапанаваць Пуціну, і ўзьнікне пытаньне, што яна робіць у Расеі. Ці будзе яна вельмі крытычна ставіцца да расейскай палітыкі і пры гэтым спалучаць гэта з пытаньнем ролі Нямеччыны, як правадніка расейскіх інтарэсаў? Ці яна ізноў сасьлізьне ў боты Герхарда Шрэдэра і Гельмута Коля і стане сябрам Расеі?"

На думку экспэртаў Нямеччына ў прыватнасьці не адмовіцца ад супольнага з Расеяй праекту пабудовы газаправоду паўз дно Балтыйскага мора, які выклікае рэзкую крытыку Польшчы і балтыйскіх краінаў.

Паводле радыё "Свабода"