АРТЫСТЫ СЛУЖБОВАЙ КАНТОРЫ

16 студзеня 2006 г. Летувіская газэта "Lietuvos Rytas" паведамляе пра ход люстрацыйнай кампаніі ў Летуве. Люстрацыйная камісія прадставіла грамадзтву краіны дакумэнтальныя доказы таго, што цяперашні дарадца прэзыдэнта Летувы В. Каваляўскас быў штатным супрацоўнікам КГБ СССР. У савецкі час гэбэ даручыла адмысловую місію гэтаму "іскусствоведу в штатском". У ЗША ён уваходзіў у кантакт з эмігрантамі-летувісамі, якія зьбіралі калекцыі твораў мастацтва, і пераконваў іх вярнуцца на радзіму або перадаць іхныя калекцыі ў савецкую Прыбалтыку. На рахунку супэрагента-эстэта некалькі ўдалых апэрацыяў. Люстрацыйная камісія разглядзела ўжо 95 індывідуальных справаў. У выніку паведаміла, што ў 39 выпадках факт супрацоўніцтва з КГБ даказаны. Каваляўскас і некалькі іншых з "адлюстраваных" зьвярнуліся ў суд, каб даказаць сваю невіноўнасьць.

Наш камэнтар: Ну што ж, няхай даказваюць. Адстаўныя джэймсбонды будуць, безумоўна, шумець пра "правы чалавека", "дэмакратыю" ды сваю ролю ў культурным жыцьці. У Беларусі ні для каго ня ёсьць сакрэтам, што шэраг чыноўнікаў ад культуры зрабілі свае кар'еркі і працягваюць рабіць пад камандай КГБ. Гэтыя "эстэты" павінны ведаць: па-першае, у вызваленай ад дыктатуры Беларусі пра гэта будзе сказана публічна. Па-другое, будзе вызначаны аб'ём шкоды, нанесенай такім сэксотам нацыянальнай культуры і нашаму народу. Па-трэцяе, за злачынствы прыйдзецца адказваць у судзе. Можна сабе ўявіць, як запішчаць пра "правы чалавека" нікчэмнасьці кшталту В. Арэшкі. Патрыёты заўважылі гэтага "эсэтствуюшчага" яшчэ ў 1988 г. Ён запісваўся ў розныя беларускія грамадзкія арганізацыі, падпісваў свае артыкулы тытулам "культуроляг". Але ў апошнія гады надзвычай актывізаваўся. Запісаўся ў групоўку прагматыкаў Вінцучка, а потым разам з такой Жыхар атрымаў заданьне шкодзіць у Курапатах. Менавіта дзьве гэтыя падстаўныя асобы скалацілі гэбоўскі камітэцік "абароны Курапатаў" і пачалі выступаць супраць стварэньня Народнага помніка ахвярам расейскага генацыду. Калі іхная дзейасьць правалілася і немагчыма ўжо было спыніць энтузіястаў, якія ставілі крыжы на магілах нашых ахвяраў, гэтая публіка забегла наперад і пачала расказваць замежным наведвальнікам, што гэта яны (Арэшка з Жыхар) паставілі гэтыя крыжы. Заадно жулікі зьбіраюць гранты і патрабуюць ад шклоўскага рэжыму (таго самага, ад якога патрыёты бароняць нацыянальную сьвятыню) "паставіць помнік у Курапатах" (маецца на ўвазе чарговая советская родіна-мать). Амоны білі і катавалі абаронцаў Курапатаў, бульдозеры валілі крыжы на магілах, але найбольш подлую ролю адыгрываюць менавіта гэтыя падстаўныя "іскусствоведы", якія падводзяць "культуралягічную базу" пад рэжымнае злачынства. Дык вось, ніхто не забудзе такіх антыгерояў. Яны яшчэ адкажуць за сваё.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ