ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ: “ЗЬБІРАЦЬ ПОДПІСЫ Ў ІНТЭРНАТАХ НАМ ЗАБАРАНІЛІ”
Сябры ініцыятыўных групаў кандыдатаў у прэзыдэнты скардзяцца на ціск з боку ўладаў, а таксама на тое, што зборшчыкаў подпісаў не пускаюць у інтэрнаты. Нагадаем, збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты завяршаецца 27 студзеня.
Сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка намерваліся сабраць подпісы ў студэнцкіх інтэрнатах Беларускага тэхналягічнага і ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Паводле Юры Беленькага ім перагарадзілі дарогу кардоны са студэнтаў і прадстаўнікоў адміністрацыі. Калі сябры ініцыятыўнай групы патэлефанавалі ў міліцыю, то яна не з'явілася цягам гадзіны. Тады зборшчыкі подпісаў накіраваліся самі ў райаддзел міліцыі, дзе напісалі заяву аб парушэньні выбарчага заканадаўства.
Беленькі: "Ва ўсіх гэтых інтэрнатах былі групы Лукашэнкі. І перашкодаў для збору подпісаў ніякай не было. Спачатку прадстаўнік студэнцкага самакіраваньня ўнівэрсытэту радыёэлектронікі Алег Шпілеўскі ясна сказаў, што няма праблем, мы вам выдзелім дзьве гадзіны. Назаўтра тэлефануе, кажа, нам забаранілі".
З радыё патэлефанавалі ў шэраг студэнцкіх інтэрнатаў навучальных установаў і пацікавіліся, ці можна прыйсьці сёньня і сабраць подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты. Аднак усюды адказалі, што ў будынак ня пусьцяць.
Спадарыня: " Я вас не пушчу. У мяне забарона. У мяне распараджэньне — на час сесіі ніякіх агітацыйных мерапрыемстваў у інтэрнаце не праводзіць".
Спадарыня: "Загадчыца казала, што прыходзілі жанчыны і яна тут з імі хадзіла. А я сяджу на вахце, я не магу з вамі хадзіць. Адна я дзяжурная, я нікога не пускаю ў інтэрнат".
Спадарыня: "Не, не, не, наведваньняў ніякіх няма. Я нікога пускаць ня буду".
Паводле радыё "Свабода"