СТУДЗЕНЬСКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

15 студзеня ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм разгледзеў ход перадвыбарчай кампаніі. Быў заслуханы даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, які заклікаў актывізаваць працу па зборы подпісаў і інфармаваньню людзей аб Народным Галасаваньні. Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны падвялі вынікі працы структураў, вызначылі задачы на бліжэйшы пэрыяд. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра збор подпісаў актывістамі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка і распаўсюджваньне інфармацыі аб Народным Галасаваньні. Рэжым актывізаваў рэпрэсіі супраць актывістаў нашай ініцыятыўнай групы. Людзей затрымлівае міліцыя, адміністрацыя запалохвае актывістаў. На прадпрыемствах, у навучальных установах і інтэрнатах рэжым мабілізаваў рознага роду даглядчыкаў і кантралёраў, якія ў парушэньне закону перашкаджаюць збору подпісаў. Па ўсёй краіне адбываецца гвалтоўны збор подпісаў за Лукашэнку, пры якім улады выкарыстоўваюць адміністрацыйныя рэсурсы і проста запалохваюць людзей. Нягледзячы на шалёны супраціў рэжыму фронтаўцы пасьпяхова вядуць працу, сабралі вялікую колькасьць подпісаў за прэтэндэнта Зянона Пазьняка і давялі інфармацыю пра Народнае Галасаваньне да жыхароў практычна ўсіх рэгіёнаў краіны.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

15 студзеня 2006 г.