БЕЛАРУСЫ КОРМЯЦЬ СВАІХ КАТАЎ

11 студзеня 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" піша пра рашэньне польскіх уладаў спыніць выплату дзяржаўных пэнсіяў двум актыўным удзельнікам камуністычных рэпрэсіяў супраць польскага народу. Адстаўная пракурорка Валіньска-Брус у 1950-я гады засудзіла да турэмнага зьняволеньня 15 афіцэраў Арміі Краёвай, якія змагаліся супраць фашызму, а потым супраць камуны. Яна цяпер жыве ў Лёндане і да апошняга часу атрымлівала вялікую дзяржаўную пэнсію з Польшчы. Саламон Марэль быў начальнікам канцлягеру для "ворагаў народнай улады" у 1950-я гг. Цяпер жыве на польскую пэнсію ў Ізраілі.

Наш камэнтар: Пра гэты абсурд польскія адраджэнцы расказвалі беларусам даўно. Выходзіла, што ахвяры і нашчадкі ахвяраў выплочвалі пэнсіі катам, запэцканым крывёй польскага народу. Цяпер, здаецца, новыя ўлады больш уважліва разьбяруцца з гэтым абсурдам. Успомнім, што ў Беларусі ёсьць ня два падобных выпадкі, а цэлая сістэма. Наш народ утрымлівае на сваёй зямлі сотні тысячаў адстаўных і дзейсных катаў НКВД-КГБ-ФСБ, акупацыйнай савецкай арміі, стукачоў і прыслужнікаў антычалавечага савецкага і постсавецкага рэжыму. Гэтую сітуацыю можна параўноўваць хутчэй з Лацінскай Амэрыкай, дзе ў адкрытую жылі і выхваляліся ўдзелам у масавых забойствах падчас Другой сусьветнай вайны фашыстоўскія злачынцы, што ўцяклі ад суда з Эўропы. Седзячы на тэрасах кавярняў яны крыкліва, са сьмехам спрачаліся, хто забіў больш людзей. Яны пачалі хавацца і мяняць імёны ў 1960 г. пасьля таго, як ізраільскія ўлады выкралі з Аргентыны, судзілі і павесілі Айхмана, аднаго з буйнейшых нямецкіх злачынцаў. У Беларусі атабарылася безьліч расейскай агентуры і гэбоўскіх забойцаў. Яны пачуваюцца беспакарана, робяць кар'еру, жывуць на сродкі нашага народу, будуюць паляцы каля нашых вадаёмаў, не хаваюць нянавісьці да ўсяго беларускага. Але яны павінны памятаць, што справядлівы суд і справядлівае пакараньне наперадзе. Што вечна ня будуць яны таптаць нашу зямлю.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ