ПРАВАКАЦЫЯ РЭЖЫМУ Ў ЛЯХОВІЧАХ СУПРАЦЬ ПАПЛЕЧНІКАЎ З. ПАЗЬНЯКА

12 студзеня рэжым зьдзейсьніў правакацыю ў г. Ляхавічах (Берасьцейская вобласьць). Ігар Лобан, сябра ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, быў выкліканы ў кабінэт кіраўніцтва Ляхавіцкай раённай паліклінікі, дзе ён працуе лекарам. Там яго сустрэлі Іван Клішэўскі, старшыня Ляхавіцкага райвыканкаму, і Ірына Мокат, намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэялёгіі. Чыноўнікі заявілі сп. Лобану, што ў іх ёсьць зьвесткі пра тое, што ён абыходзіў кватэры і дамы сваіх пацыяентаў і палохаў людзей. Маўляў, заяўляў ім, што калі яны ня будуць падпісвацца "за ягонага кандыдата", то ён ня будзе іх лячыць і падпісваць лісткі непрацаздольнасьці. На гэты паклёп сп. Лобан адказаў пратэстам і заявіў, што расцэньвае гэтыя словы як спробу ціску на яго. Сп. Лобан, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, карыстаецца вялікім аўтарытэтам у мясцовага насельніцтва за свае чалавечыя якасьці, высокі прафэсійны ўзровень і сумленную працу.

Рэжым, напалоханы шырокім распаўсюджваньнем інфармацыі пра Народнае галасаваньне і падтрымкай людзьмі Зянона Пазьняка, карыстаецца бруднымі правакацыйнымі мэтадамі, спрабуючы ачарніць патрыётаў і перашкодзіць іхнай дзейнасьці. Гэта таксама ёсьць сьведчаньнем істэрыкі рэжыму, які губляе глебу пад нагамі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ