КАТАЛЁНІЯ НА ШЛЯХУ ДА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

9 студзеня 2006 г. Польская газэта "Rzeczpospolita" піша пра бурныя падзеі ў Гішпаніі. 6 студзеня на дзяржаўнае сьвята Арміі камандуючы сухапутнымі сіламі краіны генэрал Хасэ Мэна Агвада выступіў перад публікай у Сэвільі. Генэрал заявіў, што "калі ў Каталёніі будзе прынята рэгіянальная канстытуцыя ў апошняй рэдакцыі, то ўзброеныя сілы маюць права ўмяшацца ў ход падзеяў і навесьці ў Каталёніі парадак". Абурэньне грамадзтва і большасьці палітычных партыяў было настолькі моцным, што ўлады пасадзілі 64-гадовага генэрала пад хатні арышт, а ў бліжэйшы час пашлюць яго ў адстаўку. Справа ў тым, што ўвосень рэгіянальныя картэсы Каталёніі прынялі і паслалі ў Мадрыд на зацьвярджэньне новую рэдакцыю рэгіянальнай канстытуцыі. У тэксьце зьявілася сярод іншага вызначэньне каталёнцаў як "народа", а таксама вызначана, што замест выплатаў у цэнтральны бюджэт, Каталёнія будзе плаціць пэўную суму (якую сама захоча) на справу "міжрэгіянальнай салідарнасьці". Каталёнцы, такім чынам, адмаўляюцца аплочваць са сваёй кішэні слабаразьвітыя рэгійны каралеўства. Многія абвінавачваюць генэрала ў закліках да вайсковага путчу.

Наш камэнтар: Зразумела, што ваеншчына першай гаркнула на каталёнцаў. Жывая старая імпэрская традыцыя. На працягу стагоддзяў касьцільскі Мадрыд душыў падначаленыя імпэрыі пірэнейскія народы. Канчаткова з імпэрыі ўдалося вырвацца толькі партугальцам пасьля васьмідзесяцігадовай акупацыі краіны касьцільцамі (1560-1640). Да канца 1970-х гадоў каталёнская мова была забаронена (паводле каляніялістаў, "не было такой мовы"), Каталёнія — найбольш эканамічна разьвіты рэгіён паўвыспы — жорстка эксплуатавалася імпэрыяй. І вось (гэта зразумела многім), Каталёнія ўпэўнена ідзе да поўнай дзяржаўнай незалежнасьці. Каталёнская мова абвешчана абавязкавай ў адміністрацыйнай, публічнай і адукацыйнай практыцы на тэрыторыі Каталёніі. Ідзе натуральны працэс, які ня здолеюць спыніць і павярнуць назад маразматыкі зь вялікімі зоркамі на пагонах. Нішто ня зможа спыніць салідарны народ, які вярнуў сваю мову і будуе сваю дзяржаву.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ