ВЯРТАНЬНЕ КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЬЦЯЎ

10 студзеня 2006 г. Бэльгійская газэта "De Standaard" піша пра падрыхтоўку звароту ў суд, якую вядзе ўрад Пэру. Прэзыдэнт Пэру Алехандра Таледа і ягоная жонка (уроджаная бэльгійка) Эліянэ на працягу апошніх гадоў вялі перамовы з Ельскім унівэрсітэтам (ЗША), патрабуючы вяртаньня ў Пэру вялікай калекцыі помнікаў культуры народу інкаў. Яшчэ ў 1910-х гг. архэялягічная экспэдыцыя Ельскага ўнівэрсітэту праводзіла раскопкі ў старажытным горадзе інкаў Мачу Пікчу на тэрыторыі Пэру і вывезла вялікую колькасьць каштоўных забыткаў. Амэрыканцы ня хочуць вяртаць каштоўнасьці. Будзе суд. Урад Грэцыі таксама рыхтуе заяву ў суд на музэй Гэці ў Лос-Анджэласе, дзе знаходіцца вялікая калекцыя помнікаў грэцкай культуры, вывезеных амэрыканцамі ў мінулым стагоддзі.

Наш камэнтар: Настае час справядлівасьці. Абрабаваныя краіны патрабуюць назад свае каштоўнасьці. Падобных дэмаршаў не даводзіцца чакаць ад шклоўскага рэжыму, які актыўна займаецца разбурэньнем беларускай культуры і яе помнікаў. Перад сапраўдным беларускім урадам нашай незалежнай дзяржавы ўстане адна з прырытэтных задачаў — вярнуць мастацкія творы, старажытныя кнігі, нахабна скрадзеныя Расеяй (гэта галоўны рабаўнік нашых каштоўнасьцяў). Барацьба маецца быць вельмі напружаная. Успомнім, што нават Нямеччына ня можа дамагчыся ад расейскіх злодзеяў вярнуць ёй тысячы твораў з нямецкіх музэяў, вывезеных ў Расею пасьля 1945 г. (тады гэта называлася "выратаваньнем шэдэўраў"). Маскоўцы адмаўляюцца вяртаць немцам нават знакамітую калекцыю Шлімана (помнікі старажытных Троі і Мікенаў). Але ўсё роўна крамлёўскаму кліптаману прыйдзецца аддаць назад нарабаванае і беларусам і іншым народам.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ