РЭПРЭСІІ І ПРАВАКАЦЫІ СУПРАЦЬ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА
7 студзеня ў г. Ліда Уладзімер Хрышчановіч, сябра ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, зьбіраў подпісы грамадзянаў у падтрымку гэтага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі каля Дома гандлю ў цэнтры горада. А 13:05 да сп. Хрышчановіча падышоў старэйшы лейтэнант міліцыі (дарожна-паставой службы) Гурскі разам з прапаршчыкам ДПС і запатрабаваў прад'явіць дакумэнты. Сп. Хрышчановіч заявіў, што не парушае правілаў дарожнага руху, але прад'явіў міліцыянтам свой пашпарт і пасьведчаньне сябры ініцыятыўнай групы. Міліцыянты выклікалі па рацыі міліцэйскі нарад. Прыбылі капітан міліцыі Мікалай Рабушка і старшыня міліцыі, які завялі сп. Хрышчановіча ў адзел міліцыі, дзе склалі на сп. Хрышчановіча пратакол па адміністрацыйным парушэньні і правялі допыт. Сп. Хрышчановіч зьвярнуўся з заявай у пракуратуру, пратэстуючы супраць незаконных дзеяньняў міліцыі.
9 студзеня адбыўся інцыдэнт у вёсцы Вароны Віцебскага раёна. А 20:00 у дзьверы дома, дзе пражывае сямья сп. Уладзімера Плешчанкі, сябры ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка, пастукаліся трое невядомых мужчынаў у цывільным. Сп. Плешчанкі не было ў хаце. Невядомыя прадставіліся ягонай жонцы як "работнікі пракуратуры". Калі яна адмовілася адчыняць дзьверы, невядомыя паспрабавалі зламаць дзьверы. Ня здолеўшы зламаць дзьверы, яны сышлі.
Уладзімер Хрышчановіч і Уладзімер Плешчанка — сябры Сойму Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, актыўныя дзеячы змаганьня за незалежную дэмакратычную Беларусь. Не выпадкова, што менавіта супраць гэтых людзёй правакатары ў міліцэйскай форме і ў цывільным ужываюць тактыку пагрозаў і застрашэньня. Рэжым спрабуе брутальнымі рэпрэсіямі перашкодзіць працы ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Зразумела, чыёй перамогі баіцца антыбеларуская ўлада.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ