ЗАТАІЛІСЯ
8 студзеня 2006 г. Швэдская газэта "Dagens Nyheter" паведамляе пра ход перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі. Пры чым, цікава, што маюцца на ўвазе выбары прэзыдэнта Фінляндыі, якія маюць адбыцца 15 студзеня. У Швэцыі пражывае больш за сто тысячаў асобаў з фінскім грамадзянствам, якія зьбіраюцца галасаваць. Для іх арганізаваны шэраг выбарчых участкаў, швэдскія СМІ паведамляюць пра ход перадвыбарчай барацьбы, даюць слова кандыдатам і іхным ініцыятыўным групам.
Наш камэнтар: І гэта ўсё пра выбары ў суседняй краіне. Беларусы ўжо зразумелі, што шклоўскі рэжым паводзіць сябе так, нібыта ў нашай краіне няма і ніколі ня будзе выбараў. Многія задаюць сабе пытаньне: чаму няма ніякай інфармацыі, агітацыі, паведамленьняў і камунікатаў? А гэта ёсьць чарговы хітрык рэжыму. Акупацыйным гаспадарам Беларусі й ня трэба, каб людзі ведалі што-небудзь ды яшчэ й бралі удзел ў кампаніі. Пад дыктатарскае "шыта-крыта" зьнішчальнікі Беларусі маюць намер сфальсіфікаваць вынікі галасаваньня і дамагчыся чарговай "элегантнай перамогі" Лукашэнкі. Ім і ня трэба, каб нашы грамадзяне нешта ведалі і імкнуліся на выбарчыя ўчасткі. Раптам яшчэ возьмуць ды перакуляць грувасткую махіну фальшаваньняў, раптам падтрымаюць "не таго, каго трэба". Рэжым (і Масква за ягонымі плячыма) панічна баяцца актыўнага ўдзелу беларусаў у выбарчых працэсах. Яны хацелі б загнаць нас, як авечак, у фальсіфікатарскі тупік. А потым яшчэ зьбіраюцца паведаміць сьвету, што "гэта ёсьць сумленны выбар беларускага народу". Адказам на гнюсныя хітрыкі рэжыму павінна стаць наша Народнае галасаваньне.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ