ТАНДЭТ ПАД ФАНФАРЫ

6 студзеня 2006 г. Румынская газэта "Adev?rul" паведамляе пра стварэньне новага дакумэнтальнага фільма на тэму забойства амэрыканскага прэзыдэнта Кенэдзі ў 1963 г. Аўтар фільма "Сустрэча са сьмерцю" — немец Вільфрыд Гуйсман. Ён знайшоў новыя матэр'ялы, паразмаўляў са сьведкамі і ўдзельнікамі падзеяў яшчэ раз і пабудаваў новую сюжэтную лінію. Паводле аўтара, Лі Харві Освальд наведаў у верасьні 1963 г. Мэксіку, дзе сустрэўся з афіцэрамі кубінскіх спэцслужбаў. Тыя заплацілі яму 6500 даляраў за забойства прэзыдэнта. Праз сем тыдняў Освальд выканаў заданьне, застрэліўшы Кенэдзі ў Даласе.

Наш камэнтар: Ну, пра самастойнасьць кубінскіх спэцслужбаў няхай кінадакумэнталіст Гуйсман раскажа якім небудзь наіўнячкам. Не дзеля таго саўдэпія ўтварыла і ўтрымлівала дзесяцігоддзямі кастраўскі рэжым, каб там было нешта самастойнае. Зразумела, што кубінскія товарішчі проста былі інструмэнтам Лубянкі. Так жа сама, як і менскія товарішчі. І Гуйсман, і румынская журналістка не забыліся паведаміць, што "Освальд тры гады пражыў у савецкім саюзе і вярнуўся адтуль з русской жонкай". Супэраналітыкі нават не пачухаліся ўдакладніць, што жыў Освальд не ў Маскве, а ў Менску (лубянскія хітруны адаслалі яго падалей ад Масквы, каб ня блытаўся сярод шматлікіх заходнікаў і дыпляматаў, а быў бы пад даглядам мясцовага філіялу КГБ). Тут ён і "сустрэў выпадкова" прыгажуню Марыну (беларуска была такой жа "русской", як сам Гуйсман). Пра якую дакумэнталістыку, пра якую кінаэўрыку можа быць размова, калі немец ня здольны разабрацца ў элемэнтарных фактах? Цяпер, мабыць, за сваю "новую" (па ліку ўжо тысячную) вэрсію даўняга палітычнага забойства гэты "аналітык" атрымае кінабляшак на розных фэстывалях, лекцыі будзе чытаць. Проста дзіва, колькі на Захадзе майстроў тандэтнай сэнсацыйнасьці на пустым месцы. Як лёгка малаадукаванаму псэўдатворцу засьвяціцца пад фанфары.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ