ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ПАВІННА БЫЦЬ НАРОДНАЯ ВОЛЯ

Гэты мой зварот да ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у перадвыбарчай кампаніі, да арганізатараў і выканаўцаў збору подпісаў, а таксама да законных прэтэндэнтаў на выбары.

Рэальная сітуацыя выглядае так:

- Лукашэнка ня мае права балатавацца на трэці тэрмін.

- Бюлетэні, у якіх упісаная асоба, што ня мае права балатавацца, ёсьць незаконныя.

- Удзел у такіх выбарах па схеме і правілах рэжыму дапамагае забясьпечыць фальшывую перамогу Лукашэнкі.

- Выбары па схеме рэжыму незаконна выйграе рэжым.

- Масква заігрывае з прэтэндэнтамі на выбары, каб уцягнуць іх у правілы фальшывай выбарчай гульні і зрабіць бачнасьць законнасьці.

- Масква цьвёрда і даўно паставіла толькі на Лукашэнку, бо ад захаваньня ўлады Лукашэнкі ў Беларусі залежыць лёс сучаснай улады ў Крамлі.

Высновы:

- Незаконнай схеме выбараў рэжыму трэба супрацьпаставіць альтэрнатыўную народную і законную схему выбараў і ажыцьцявіць яе.

- Нельга адмаўляцца ад удзелу ў выбарах, бо з боку рэжыму справа йдзе не аб законных выбарах, а аб захопе ўлады пры дапамозе выбараў. Пры адмаўленьні ад выбараў улада будзе захоплена. (Мэханізм адпрацаваны).

Што рабіць:

- Трэба праводзіць Народнае галасаваньне.

Гэта значыць, што ў рамках афіцыйнага тайнага галасаваньня народ галасуе самастойна сваімі бюлетэнямі. Гэта ёсьць законнае дзеяньне, пагрунтаванае на артыкуле трэцім Канстытуцыі.

Дзеяньні выбаршчыкаў у Народным галасаваньні не пярэчаць выбарчаму заканадаўству.

Працэдура Народнага галасаваньня:

- На ўчасткі для галасаваньня выбаршчыкі йдуць са сваімі заранёў падрыхтаванымі бюлетнямі, дзе ўпісанае прозьвішча альтэрнатыўнага народнага кандыдата, за якога яны галасуюць. (Можна ўзяць з сабой чысты ліст паперы, тады свой бюлетэнь можна напісаць у кабіне для галасаваньня). Гэта ёсьць Народны Бюлетэнь.

- Выбаршчык бярэ бюлетэнь рэжыму, ставіць подпіс у сьпісе выбаршчыкаў і йдзе ў кабіну.

- У кабіне выбаршчык кладзе ў кішэню бюлетэнь рэжыму і дастае свой бюлетэнь.

- У скрыню для галасаваньня выбаршчык апускае свой бюлетэнь.

- Выбаршчык захоўвае бюлетэнь рэжыму для перадачы яго Народнай Грамадзкай Камісіі (НГК).

Вынікі галасаваньня будуць відавочныя. Важна захаваць бюлетэнь рэжыму і перадаць яго ў НГК. Больш 50 адсоткаў такіх бюлетэняў, сабраных НГК, будзе сьведчыць аб Народным імпічманце Лукашэнкі і аб адхіленьні яго ад улады.

Падкрэсьліваем, гэта працэдура законная, дэмакратычная і мірная.

Пасьля Народнага галасаваньня і Народнага імпічманту ўлада будзе перададзена Часоваму Ураду, які арганізуе новыя выбары прэзыдэнта і парляманту.

Заклікаем прыняць удзел у далейшым фармаваньні і разгортваньні Народнай Грамадзкай Камісіі (НГК). Галоўная задача НГК — збор сабраных выбаршчыкамі бюлетэняў рэжыму, аб'яўленьне вынікаў галасаваньня грамадзтву, арганізацыя працэдуры Народнага імпічманту Лукашэнкі, перадача ўлады Часоваму Ураду.

Зянон Пазьняк

Тэлефон Каардынацыйнага воргану НГК: +375 29 661-51-43