ПРАВАЛ МАСКОЎСКАГА ГАЗАВАГА ШАНТАЖУ
5 студзеня 2006 г. Латвійская газэта "Diena" піша пра хуткую разьвязку газавага канфлікту пад тытулам "Газавая вайна прымусіла Эўропу думаць пра іншыя крыніцы энэргіі". Цытуем: "Прадстаўнікі Эўразьвязу адмаўляюцца рабіць палітычныя ацэнкі газавага канфлікту, які разглядаецца Украінай і заходнімі СМІ як выкарыстаньне Масквой энэргетычнага рэсурсу ў якасьці палітычнай зброі. На паседжаньні ў Брусэлі прадстаўнікі краінаў вырашылі распрацаваць сумесную энэргетычную палітыку, бо ня можна пакідаць гэтае пытаньне на паасобныя краіны. Эўракамісар па энэргетыцы Андрыс Піебалтс заявіў, што Эўракамісія да канца году выпрацуе плян, як зрабіць Эўразьвяз менш залежным ад расейскіх газу і нафты. Ён паабяцаў памятаць пра тое, што адбылося ў навагоднюю ноч. У Брусэлі актыўна абмяркоўвалі неабходнасьць актывізацыі навуковых распрацовак альтэрнатыўных энэрганосьбітаў. Усім відавочная параза Расеі".
Наш камэнтар: Вось як замітусілася брусэльская публіка! Навуку падштурхоўваць зьбіраецца. "Осеніло", як у свой час Ньютона, калі яму на галаву ўпаў быў сьпелы яблык. Аказваецца, трэба было, каб пад звон курантаў далі па эўрагалаве пыльным крамлёўскім мяшком. Адразу пасьвятлела ў мазгах і ўспомнілася пра адказнасьць перад народамі, якія плоцяць шалёныя падаткі на ўтрыманьне стотысячнай брусэльскай бюракратыі (але калі што, то могуць пад гарачую руку яшчэ раз Бастылію ўзяць). Іранічная інтанацыя камэнтароў, якія робяць цяпер беларускія патрыёты па газавай вайне — ня проста жанравы публіцыстычны прыём, "каб сьмешней было". Не, мы разумеем, што справа надта сур'ёзная. Але без іроніі ня даць рады ў гэтай сітуацыі. Мы добра памятаем гэтых "эўрапасланцоў" у Менск: гансаў вікаў, віерсмаў, папандопулаў, цапфаў да іншых. Памятаем іхныя пустыя і халодныя рыбіныя вочы, памятаем іхныя асьвенцымскія эўраманалёгі: "Незалежнасьць Беларусі ня мае пэрспэктывы, адзіны шлях прагрэсу для Беларусі — праз аб'яднаньне з дэмакратычнай Расеяй". Яны прапанавалі нам у якасьці шляху да дэмакратыі — расейскі канцлягер. Яны не саромеліся публічна прызнавацца ня толькі ў любові да Масквы ("любові", шчодра аплочанай на палітычнай панэлі), але і ў шчыльным супрацоўніцтве з КГБ РБ ў справе расколу Беларускага Народнага Фронту, дыскрэдытацыі патрыётаў і подлай падтрымкі на міжнароднай арэне прадажнай агентуры ды палітімітатараў віцучкоў, хадыкаў, лебедько, мілінкевіча ды інш. І вось крамлёўскі "дэмократічный любовнік" пасадзіў іх на халодную трубу ды шалёна зароў: "Я — энэргетычны цэнтар сучаснага сьвету, Я-Я-Я! Усіх на месца пастаўлю, на калені!" Эўрачыноўнікі адмаўляюцца "рабіць палітычныя ацэнкі", але пад уплывам газавага стрэсу, што ня скажуць — усё пра палітыку. Не атрымалася беспакарана здаць у расейскі канцлягер украінскі, беларускі ды малдаўскі народы. Год таму ўкраінцы сілай народнай салідарнасьці абрынулі маскоўска-брусэльскі акупацыйны праект. Днямі пачаў біць яркія эўрабрусэльскія вітрыны сам канцлягерны маскоўскі начальнік. Вырабляўся, аж покуль зноў не атрымаў дыхту ад украінцаў. Атрымае і ад беларусаў.
5 студзеня 2006 г. Італьянская газэта "Corriere della Sera" ў кароткім тэксьце паўтарыла хлусьлівую гэбельсаўскую вэрсію Масквы па выніках газавай вайны: "Украіна будзе атрымліваць расейскі газ па цане 230 доляраў. Абодва бакі задаволены пагадненьнямі. Стабілізуецца таксама транзіт расейскага газу праз Украіну..."
Наш камэнтар: Паўстае пытаньне: гэта што? Проста дурата і страх перад "другом Берлусконі Путіным" альбо сьведамае жаданьне аблапошыць італьянскае грамадзтва, каб яно раптам узяло ды не разьлюбіла Расею разам з Бэрлусконі? Мы пагарталі яшчэ адну буйнейшую італьянскую газэту — "La Repubblica". Там у якасьці галоўнай сэнсацыі падаецца выйсьце ў сьвет шматтомнай энцыкляпэдыі італьянскай кухні. І ніводнага радка пра газавыя справы. Тут трэба ўспомніць адмірала Нэльсана, які тэрмінова прыкрыў сваёй эскадрай Нэапаль, да якога набліжаўся французкі флёт. Брытанца найбольш зьдзівіла карнавальная атмасфэра ў горадзе. Нэльсан чухаў пад парыком галаву і ўсё паўтараў: "Ім трэба арганізоўваць татальную мабілізацыю, а яны даюць прэмьеру ў опэры!" Што да рымскага начальства, то самы яркі эпізод — гэта ўцёкі ў 1943 г. дзяржкіраўніцтва начале з каралём і міністрам абароны з Рыма і каляпс мільённай італьянскай арміі, якая разьбягалася пры набліжэньні 40 тасячаў нямецкіх войскаў. Да якой жа нізасьці трэба дайсьці, каб ва ўнісон з крамлёўскімі брахунамі хлусіць свайму ж народу! Вось вам і легендарная заходняя "свабода прэсы". Няма чаго зьдзіўляцца, калі гэтая публіка піша розную лабуду пра Беларусь.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ