... СЯДЗЕЛІ НА ТРУБЕ

У савецкіх школьнікаў была такая лічылка: "А і Б сядзелі на трубе/ А ўпала, Б прапала/ Што засталась на трубе?" Нават самыя кемлівыя адразу не маглі здагадацца: хітрык палягаў у тым, што паміж А і Б на трубе сядзела яшчэ "і". Усе рагаталі і кпілі з няўдалага схаляста.

Ёсьць у крымінальным расейскім фальклёры шэраг фармулёвак, якія часам груба і рэзка, але красамоўна дэманструюць зьяву маштабнага і нахабнага падману: "втюхивать туфту", "брать на понт", "искать лохов" etc. Даўно ўжо хуліганска-турэмная лексіка зрабілася набыткам крамлёўскай эліты. Бедныя перакладчыкі губляюць прытомнасьць, шукаючы падчас міжнародных перамоваў адпаведнік у прыстойных эўрапейскіх мовах "понтам" і "туфте". Але трэба прызнаць, што раніцай 4 студзеня найбольш адэкватным лексічным выразьнікам паводзінаў маскалёў была менавіта ўлюбёная "самым чітаюшчім народом планеты" крымінальная "феня".

Дык вось, ранічкай чацьвертага дня газавай вайны расейскія тэлеканалы паказалі сюжэт пад дэвізам "міру мір!" За стол прэс-канфэрэнцыі ў Маскве ўселіся дырэктар "Газпрому" Мілер і дырэктар украінскага "Нафтагазу" Іўчанка. Мілер (той самы, што апошнім часам гразіўся замарозіць Украіну) для саліднасьці пашурхатаў паперкамі і бадзёра, не міргнуўшы вокам, заявіў: "Мы дамовіліся з Украінай і вельмі задаволеныя вынікамі перамоваў і пагадненьнямі. Цяпер будзем прадаваць газ па цане 230 даляраў за 1000 кубоў". І трэба ж было так, раптам украінец-газаўшчык пачаў "колоться", "сдавать пацанов". Пасьля кароткага маскоўскага маналёгу Іўчанка ўзяў мікрафон і сказаў: "Так, мы задаволеныя вынікамі. Цяпер Украіна будзе купляць газ па цане 95 даляраў за 1000 кубоў". У рэдакцыі РТР адбылося лёгкае замяшальніцтва. Вядучая гікнула на дзяжурнага рэпарцёра, што вёў эфір з прэс-канфэрэнцыі: "Дык якая ж цана — 230 ці 95?"

Больш гэтую прэс-канфэрэнцыю па расейскіх каналах не паказвалі. Маскалі-бедалагі мусілі зьбіраць праз пару гадзінаў яшчэ адну прэс-канфэрэнцыю, ўпрыгожваць сцэнар (прымусілі Іўчанку абдымацца з Мілерам) і не даваць слова кіеўскаму госьцю. Ужо ў абед мільёны тэлегледачоў па ўсёй РФ даведаліся без лішніх падрабязнасьцяў, што цана — 230 доляраў і, як той казаў, "ні шагу назад".

Для слабых у схалястыцы тлумачым пра А і Б. РФ будзе прадаваць сібірскі газ па 230 даляраў не Украіне, а новай структуры, якая будзе зьмешваць гэты газ з туркмэнскім газам і перасылаць яго на Украіну па цане 95 даляраў. Адным словам, Украіна будзе атрымліваць сабе газ па 95 даляраў, а Расея павінна за транзіт свайго газу праз Украіну плаціць на паўдаляра больш за 1000 кубоў. Вось вам і "ні шагу назад" і "мы ім покажем кузькіну мать". Гнюсная правакацыя маскоўскага рэйху правалілася на раніцу чацьвёртага дня. Украіна выстаяла, ня ўпала на калені перад паганай ардой, не саступіла рэкэцірам (нават выйграла). І нават Эўразьвяз зашыпеў на Расею і запатрабаваў спыніць газавую вайну. А ўсё таму, што краінай кіруе ўкраінскі нацыянальны ўрад, за якім стаіць згуртаваны ўкраінскі народ. Лямант Вітрэнкі і Януковіча, сьвінячы віск ворагаў Украіны не збянтэжылі патрыётаў. Украінцы паказалі, як трэба бараніць свае нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы.

Цяпер расейская і шклоўская прапаганда будуць "тюхать туфту", блытаць людзей і беспардонна хлусіць, выстаўляючы сакрушальную расейскую паразу як вялікую перамогу Масквы. Але ўсе ўжо ўбачылі ў поўны рост брахлівага монстра на гліняных нагах. Нават эўракамісар Ван Хульст (адказны ў Брусэлі за энэргетыку) адкрыта заявіў Маскве: "Такімі

паводзінамі Расея канчаткова падрывае давер эўрапейцаў да яе як крыніцы энэрганосьбітаў". Нават гэтыя баяцца сядзець у зімку на халоднай расейскай трубе (і цяпер сутаргава раюцца ў Брусэлі, што рабіць з усім гэтым).

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ